Фота ECNL 19 і 20 верасня ў Цэнтры міжнародных даследаванняў у Жэневе праходзіць Еўрапейская рэгіянальная кансультацыя па Агульных заўвагах Камітэта па правах чалавека ААН па артыкуле №21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) «Права на мірныя сходы».

Арганізатарам кансультацыі выступае Еўрапейскі цэнтр некамерцыйнага права. Праваабарончы цэнтр "Вясна" на мерапрыемстве прадстаўляе праваабаронца Наталля Сацункевіч.

Кансультацыя арганізавана для таго, каб у нацыянальных арганізацый, якія працуюць у розных еўрапейскіх краінах з тэмай свабоды сходаў, была магчымасць паўдзельнічаць ва ўдасканаленні чарнавіка заўваг па адпаведным артыкуле МПГПП. Мэта - абмяняцца вопытам і канкрэтнымі прыкладамі з нацыянальных практык па ўжыванні права на свабоду сходаў.

У першы дзень, 19 верасня, быў прэзентаваны ўжо існуючы чарнавік заўваг. Яго прадставіў дакладчык Савета па правах чалавека Крыстаф Хэйнс. Ён вылучыў праблемы, якія маюць патрэбу ў растлумачэнні і задаў мэтавыя пытанні ад удзельнікаў. Таксама выступіў кіраўнік КПЧ Ахмед Фатала.

Затым ва ўдзельнікаў будзе магчымасць коратка выкласці свае погляды на чарнавік заўваг, распавесці пра тое, як права на мірныя сходы рэгулюецца і ажыццяўляецца на практыцы ў сваёй краіне, а таксама падняць пытанні, якія неабходна будзе дапрацаваць у чарнавіку заўваг.

Першы дзень на Еўрапейскай рэшіянальнай кансультацыі. Фота ECNL
Першы дзень на Еўрапейскай рэшіянальнай кансультацыі. Фота ECNL

Падчас свайго выступу Наталля Сацункевіч акрэсліла праблемныя месцы, звязаныя з рэалізацыяй права на мірныя сходы ў Беларусі. Гэта рэгуляванне мірных сходаў, накіраваных на выказванне меркавання, як масавых мерапрыемстваў; патрабаванне аплаты ад арганізатараў паслуг міліцыі, медыцынскага абслугоўвання і прыборкі; вылучэнне спецыяльных месцаў для мірных сходаў. Гэтыя месцы не адпавядаюць прынцыпу "бачнасці і чутнасці".

Таксама Наталля акрэсліла важнасць незалежнага назірання за мірнымі сходамі з пункту гледжання стандартаў правоў чалавека.

«Цяпер у чарнавіку заўваг агульнага парадку назіральнікі змяшаныя з журналістамі. На мой погляд, гэтыя катэгорыі трэба падзяліць, іх функцыі падобныя, але не аднолькавыя. Тым больш, сітуацыя ў Беларусі паказвае, што СМІ больш абаронены, чым назіральнікі і назіральніцы», - лічыць праваабаронца.

Наталля адзначае, што цяпер у чарнавіку вельмі шмат спасылак на канкрэтныя рашэнні КПЧ у дачыненні да Беларусі.

«Вельмі выдатна, што сябры камітэта слухаюць і чуюць НДА і канкрэтных людзей, якія працуюць на месцах. Я нагадаю, што пры падрыхтоўцы чарнавіка заўваг агульнага парадку ва ўсіх жадаючых была магчымасць адправіць у КПЧ свае прапановы».

У другі дзень, 20 верасня, працягнецца паглыбленае абмеркаванне і падрыхтоўка рэкамендацый.

 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Крыніца: Наталля Сацункевіч: "Выдатна, што КПЧ чуе НДА і канкрэтных людзей, якія працуюць на месцах"