Кандыдатам у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў вылучаецца чалавек у інвалідным вазку - Яўген Шаўко. У выпадку яго абрання ў Парламент, ён "абнуліць" 30-гадовы тэрмін адсутнасці там чалавека з бачнай інваліднасцю (fдзіным дэпутатам на вазку каля 30 гадоў таму быў Мікалай Калбаска).
Сам Яўген з'яўляецца старшынёй Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў. "Вясна" вырашыла пацікавіцца, што ў першую чаргу Яўген хоча даказаць самому сабе, а таксама грамадскасці сваім рашэннем вылучыцца ў кандыдаты.
"Палата прадстаўнікоў - гэты орган дзяржаўнай улады, на мой погляд, больш прадстаўнічы, а не парламентарыйскі. Так ужо склалася ў Беларусі, - кажа Яўген. - Таму павінна быць прадстаўніцтва розных груп насельніцтва, кожная з якіх адстойвала б свае пазіцыі. У тым ліку і прадстаўнікі групы з інваліднасцю".
Вылучэнец адзначае, што «інваліднасць» - нашмат больш шырокае паняцце, чым проста людзі ў інвалідных вазках. Карысці ад дзейнасці ў імя людзей з інваліднасцю атрымліваюць і тыя, хто належыць да фізічна аслабленых людзей: гэта і цяжарныя жанчыны, і людзі з дзіцячымі, і маленькія дзеці і г.д.
"І ўсе гэтыя людзі могуць быць атрымоўцамі карысці ад той дзейнасці, якую я вяду зараз, і планую праз парламент ўзмацняць", - подкрэслівае Яўген.
Успамінаючы пра адзінага дэпутата у Беларусі на вазку Мікалая Калбаска, Яўген адзначае, што ён змог зрабіць шмат для людзей з інваліднасцю.
"Як раз падчас яго дэпутацтва з'явіўся Закон аб сацыяльнай абароне інвалідаў. Гэта быў 1991 год, і дагэтуль ён дзейнічае. Але зараз надышоў час мяняць гэты закон, і я лічу важным, што пры змене старых законаў і прыняцці новых павінна быць прадстаўніцтва ад групы людзей з інваліднасцю ў тых органах, якія прымаюць заканадаўчыя змены", - адзначае Яўген.
Вядома, ў занясенні правак і прапаноў у рэдакцыі законаў і ў новыя законы прымае ўдзел і грамадзянская супольнасць (і Яўген Шаўко быў сярод іх). Але гэтыя праўкі часта губляюцца ў тых органах, якія маюць права вырашаць, прымаць іх ці не. Таму абранне ў Парламент для Яўгена важна, так як гэты орган мае ўладу над тым, каб пакідаць нейкія папраўкі або дадаць новыя.
"Вось там «нашага» чалавека няма", - падкрэслівае Яўген.
Акрамя гэтага, у 2016 годзе Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю (у той час як сусветнай грамадскасці яна была прадстаўлена ў 2006 годзе).
"Падпісанне Канвенцыі сведчыць пра тое, што Беларусь хоча мяняцца, па-іншаму глядзець на праблему інваліднасці. Трэба мяняць і законы, і падыходы, і лад жыцця. Таму гэта таксама своеасаблівы сімвал і знак да таго, што ў органах улады неабходны прадстаўнікі людзей з інваліднасцю, якія б гучна заявілі пра гэтую важную для іх пазіцыю. Зразумела, што [існуючыя] дэпутаты - людзі разумныя, з вопытам і гэтак далей, але паколькі яны не прадстаўляюць нашу мэтавую групу і ім не «баліць» гэта дзесьці ў душы, то яны ставяцца да гэтага па-свойму. Тыя праблемы, пра якія я і мае калегі крычым і гаворым, яны могуць лічыць не вельмі важнымі. «Перабесяцца» і не варта прымаць да ўвагі, [думаюць яны]".
Бо хто як ня людзі з інваліднасцю могуць разумець, як будзе лепш для іх саміх? «Нічога для нас без нас» - такім прынцыпам кіруецца Канвенцыя аб правах людзей з інваліднасцю, дзе ў сувязі з гэтым падкрэсліваецца: у органах кіравання павінны быць прадстаўлены і людзі з інваліднасцю. Хоць у Парламенце ўжо 30 гадоў не было дэпутата з інваліднасцю (а калі і былі, то іх інваліднасць зрокава невідавочная), то і ў органах мясцовай улады людзей з інваліднасцю вельмі мала або няма наогул.
"За той час, як Канвенцыя падпісана, я пакуль не чуў, каб нейкі райвыканкам або аддзел чаго-небудзь прыняў да сябе на працу чалавека з інваліднасцю на якую-небудзь пасаду", - заўважае Яўген Шаўко. - Гэта таксама прабел, і, спадзяюся, што яго зачыню хоць у нейкай маленькай частцы".
Яўген лічыць, што не толькі ў Парламенце павінны быць людзі з інваліднасцю, але і ў мясцовых Саветах дэпутатаў, у органах дзяржкіравання, у Міністэрствах працы, аховы здароўя, адукацыі ... Увогуле, людзі з інваліднасцю павінны быць прадстаўлены ў як мага большай колькасці органаў улады.
"Гэта ўсё дазволіць дасягаць мэтаў, да якіх мы ідзем", - падкрэслівае Яўген.
Але пры гэтым сам вылучэнец у кандыдаты адзначае, што не ставіць для сябе ніякай палітычнай павесткі:
"Лічу, што акрамя палітыкі ў краіне шмат іншых пытанняў. Многія палітыкі зацыкленыя на нейкіх сваіх пытаннях, накшталт «класавай барацьбы». Я думаю, ёсць іншыя вялікія пытанні, якія блізкія народу і іх трэба таксама вырашаць. Вось я па гэтай лініі і рухаюся", - каментуе Яўген, і дадае: "Я за тое, каб такіх людзей, як я, было больш. Зараз ідзе своеасаблівая шуміха: "як гэта так, інвалід на калясцы вылучыўся"! Але я [выступаю] за тое, каб я быў не адным такім, бо тады б мы змаглі больш шырокім фронтам адстойваць свае пазіцыі".
Аднак у іншых людзей, якія патэнцыйна маглі б прадставіць праблемы інваліднасці ў Парламенце, пакуль няма такой жа рашучасці.
Разам з тым, Яўген лічыць, што нават калі не патрапіць у Парламент, то ён дзейнічаў не дарма. Бо яго дзейнасць зможа прыцягнуць большую ўвагу да праблем людзей з інваліднасцю (а таксама фізічна аслабленых людзей).
"Бо органы ўлады як бы за тое, каб нешта мянялася ў лепшы бок: каб людзі з інваліднасцю жылі лепш, багацей і камфортней і каб не ўшчамляліся іх правы. Яны ўсё за гэта. Але на жаль шлях да гэтага светлай будучыні занадта доўгі. І нашымі актыўнымі дзеяннямі яго трэба скараціць".
"Праваабаронцы за с вабодныя выбары".
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.
Крыніца: "Нічога для нас без нас". Чаму чалавек у інвалідным вазку балатуецца ў дэпутаты