Вылучэнцу ў кандыдаты ад незарэгістраванай партыі Народная Грамада Андрэю Пуканаву, які зарэгістраваў ініцыятыўную групу і збірае подпісы выбаршчыкаў 21 верасня выбарчая камісія Гомельскай-Прамысловай выбарчай акругі №35 вынесла папярэджанне. Пра гэты інцыдэнт піша "Гомельская Вясна".
Па інфармацыі назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Леаніда Судаленкі, фармальнай падставай для такога рашэння з’явілася інфармацыя ад РАУС Цэнтральнага раёна г. Гомеля аб тым, што Пуканаў пад час пікету па зборы подпісаў выкарыстоўваў стэнды з надпісам "Лукашэнка павінен сыйсці". Сам вылучэнец на паседжанне камісіі не з’явіўся, хаця па агучанай сакратаром камісіі інфармацыі, яна асабіста запрашала яго на паседжанне.
Па словах назіральніка, яму далі магчымасць азнаёміцца з лістом міліцыі ў акружную камісію. Ніякіх прапаноў праваахоўнікі не выказвалі, яны проста інфармавалі камісію аб тым, што адбылося. У лісце таксама пазначана, што грамадскі парадак падчас пікету не парушаны.
Старшыня АВК №35 Ала Андрушчанка спрабавала давесці, што размова ідзе не пра тое, што Пуканаў нешта парушыў, а што трэба выконваць выбарчае заканадаўства. Сябрам камісіі быў прадэманстраваны стэнд з пікету. Яна падкрэсліла, што інфармацыя на стэндзе ўтрымлівала перадвыбарчую агітацыю, якая паводле заканадаўства магчыма толькі пасля рэгістрацыі кандыдатаў. Яна ж прапанавала вынесці прэтэндэнту папярэджанне. Другіх прапаноў не паступіла. На паседжанні прысутнічалі 10 з 13 сябраў акружкама, кворум быў. Галасавалі за папярэджанне адзінагалосна.
Раней за надпіс на стэндзе "Лукашэнка павінен сыйсці" падчас збору подпісаў былі вынесены папярэджанні актывістам "Народнай Грамады" і АГП:
- У Мінску 16 верасня — Валянціну Троцкаму;
- У Барысаве 19 верасня — Аляксандру Абрамовічу;
- У Гомелі 20 верасня — Уладзіміру Няпомняшчых.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.
Крыніца: У Беларусі працягваюць выносіць папярэджанні пікетоўшчыкам-вылучэнцам