61 кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў вылучаны Аб'яднанай грамадзянскай партыяй на пазачарговым з'ездзе ў Менску. У працы з'езда прынялі ўдзел 59 дэлегатаў.
Як паведамляе naviny.by, сярод вылучэнцаў – больш за два дзясяткі прадстаўнікоў партнёрскіх арганізацый па правацэнтрысцкай кааліцыі - аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і руху «За Свабоду». Таксама ў партыю былі прынятыя і вылучаны кандыдатамі некалькі чалавек, у прыватнасці, член грамадскага аб'яднання «Гавары праўду», вядомы эксперт у сферы адукацыі Сяргей Альшэўскі, а таксама блогер Мікалай Маслоўскі.
28 верасня на канферэнцыі ў Мінску «Рух «За свабоду» вылучыў 55 кандыдатаў у дэпутаты. Сярод іх — Юрась Губарэвіч, Алесь Міхалевіч, Віктар Янчурэвіч, Вольга Дамаскіна, Юрый Казакевіч, Вікторыя Таболіч, Раман Кісляк, Хрыстафор Жэляпаў, Віталь Амяльковіч, Пётр Мігурскі, Уладзімір Кацора, Уладзімір Шыла і іншыя.
«За Свабоду» плануе прайсці ўсе юрыдычныя працэдуры, каб дамагчыся рэгістрацыі сваіх кандыдатаў менавіта ад грамадскага аб’яднання. Як патлумачыў старшыня арганізацыі Юрый Губарэвіч, артыкулы 5, 69 і 138 Канстытуцыі сведчаць, што кандыдатаў маюць магчымасць вылучаць усе грамадзянскія арганізацыі, а не толькі палітычныя партыі. «Выбарчы кодэкс фактычна пазбаўляе нас гэтага права. Але Канстытуцыя мае перавагу над любымі законамі і дэкрэтамі. Таму мы праверым на адпаведнасць галоўнаму закону сваё права вылучаць кандыдатаў. Нашы прэтэндэнты накіруюць у выбарчыя камісіі поўныя пакеты дакументаў, а ў выніку адмовы будуць абскарджваць іх у вышэйстаячых інстанцыях, у тым ліку ў беларускіх судах і ў Камітэце ААН па правах чалавека. Мы жадаем аднавіць канстытуцыйную законнасць у Беларусі, нарэшце размарозіць палітычнае жыццё ў нашай краіне», — заявіў ён.
21 верасня адбыўся з'езд партыі ЛДП, на якім прысутнічалі больш за 200 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны - кіраўнікі ўсіх абласных, гарадскіх, раённых і горада Мінска партыйных структур.
Ліберальна-дэмакратычная партыя вылучыла 110 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ва ўсе выбарчыя акругі краіны. Абсалютная большасць кандыдатаў - новыя твары ў беларускай палітыцы. Партыя робіць асноўны ўпор на людзей справы, неабыякавых да лёсу сваёй краіны. Прадстаўлены ўсе слаі насельніцтва - дзяржаўныя служачыя, прадпрымальнікі, настаўнікі, прадстаўнікі сістэмы аховы здароўя і іншыя.21 верасня ў Менску адбыўся пазачарговы XIX З’езд Партыі БНФ. Пасяджэнне вышэйшага органа партыі не мела справаздачна-выбарчага характару і было прысвечанае пытанням удзелу ў выбарчай кампаніі.
Зьезд вылучыў 50 сябраў Партыі БНФ кандыдатамі ў дэпутаты, пры гэтым па кожнай прапанаванай кандыдатуры зачытваліся характарыстыкі, адбывалася абмеркаванне і асобнае галасаванне. Прадстаўнікі БНФ вылучаюцца па ўсіх абласцях краіны і ў горадзе Менску. 16 партыйцаў з гэтага спісу вядуць яшчэ і збор подпісаў выбаршчыкаў праз свае ініцыятыўныя групы.
А 22 верасня на пазачарговым з'ездзе партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) вылучыла 50 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Акрамя партыйных спісаў многія партыйцы вылучаюцца шляхам збору подпісаў альбо адначасова і па спісах.
Праўладныя аб'яднання «Белая Русь» і БРСМ абяцалі дапамагчы вылучыцца сваім прадстаўнікам ў кожнай з 110 акругаў.
Апазіцыйныя грамадскія аб'яднанні і незарэгістраваныя партыі, па інфармацыі naviny.by больш сціпла рапартуюць аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп сваіх прыхільнікаў: аргкамітэт партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» - 40, «Гавары праўду» - 37, рух «За Свабоду» - 22, ініцыятыва «Еўрапейская Беларусь» - 15 і аргкамітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) - 36.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.
Крыніца: А хто там ідзе? Партыі і грамадскія аб'яднанні вызначаюцца з удзелам у парламенцкіх выбарах