Як паведамляе "Віцебская Вясна", на перадвыбарчым пікеце “Народнай Грамады” у Віцебску, на якім прысутнічаў старшыня партыі Мікола Статкевіч, невядомы мужчына зламаў дрэўка бел-чырвона-белага сцягу. Аднак на гэтым канфлікт ня скончыўся.
Да мужчыны, які пашкодзіў дрэўка сцяга, падскочыў яшчэ адзін грамадзянін і ўдарыў яго па твары. Пасля гэтага апошні няспешна сышоў з месца здарэння.
Удзельнікі пікету, якія сталі сведкамі інцыдэнту, упэўненыя, што абодва мужчыны былі правакатарамі.
Адразу пасля здарэння пікетоўцы выклікалі міліцыю.
Мужчына, які зламаў дрэўка быў перакананы, відаць, у сваёй беспакаранасці і нікуды не сыходзіў. Свой учынак патлумачыў тым, што ён гарачы прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі, а ўдзельнікі пікету зневажалі ягоныя пачуцці. Недзе праз 25 хвілінаў на месца здарэння для складання пратаколу прыбыў прадстаўнік мясцовага РАУС.
Старшыня БСДП “Народная Грамада” Мікола Статкевіч пабачыў правакацыю.
“Тое, што зараз адбываецца, ёсць сведчаннем пэўнай дэмаралізацыі ўладаў. Яны баяцца нас кранаць. Таму кідаюць у бой апошнія рэзэрвы. Збіраюць ветэранаў сілавых структур, якія затым ідуць скандаліць на пікеты. Але мы паважаем іх узрост: слухаем, размаўляем, а некаторых пасля нават запісваем у сваю каманду на прэзыдэнцкія выбары. У Віцебску выкарысталі нейкіх “бамжоў”. Яны чакалі, што мы будзем дзейнічаць па іх сцэнары і станем клоўнамі ў іхнім выбарчым цырку. Мы ж ламаем гэты сцэнар і выкарыстоўваем гэтую кампанію, каб прасунуць сваю павестку. Працуем на тое, каб зрабіць беларусаў больш вольнымі і больш смелымі, фармуем сваю каманду”, – сказаў лідэр “Народнай Грамады” Мікола Статкевіч.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале