Як паведамляецца на телеграм-канале дзеючай дэпутаткі Палаты Прадстаўнікоў Ганны Канапацкай, 2 кастрычніка падчас збору подпісаў па Мінскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе №97 па вылучэнні яе ў кандыдаты ў дэпутаты адбыўся інцыдэнт — яе не пусцілі ў адзин з мінскіх інтэрнатаў. Канапацкай і сябрам яе ініцыятыўнай групы быў забаронены ўваход у інтэрнат ААТ "Мінскі мясакамбінат". Рашэнне прыняла аднаасобна загадчыца інтэрната Маркава. Хоць заканадаўствам прадугледжана магчымасць збору подпісаў у інтэрнатах. Так, Пастановай Цэнтральнай выбарчай камісіі №24 ад 6 жніўня 2019 года (пункт 11) вызначана, што пры зборы подпісаў у выбаршчыкаў, якія пражываюць у інтэрнаце, сябры ініцыятыўных групаў павінны выконваць правілы ўнутранага распарадку інтэрната, якія прадугледжваюць парадак наведвання інтэрната асобамі, якія не пражываюць у ім.
У правілах унутранага распарадку інтэрната "Мінскага мясакамбіната", вызначана, што наведвальнікі дапускаюцца ў інтэрнат з 8 да 22 гадзін.
"Відавочнае парушэнне выбарчага заканадаўства. Цікава, ці будзе пакарана Маркава?" — задаецца пытаннем Канапацкая.
Пры гэтым, як адзначаецца, у суседнім інтэрнаце ААТ "Інтэграл" з допускам не ўзнікла ніякіх праблемаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.
Крыніца: Мінск: Канапацкую не пусцілі ў інтэрнат збіраць подпісы