Згодна з каляндарным планам Парламенцкіх выбараў да 2 кастрычніка ўключна павінны быць сфарміраваныя ўчастковыя выбарчыя камісіі. Што маем на Віцебшчыне? Назіральніца Ірына Траццякова паведаміла, што на паседжанні па стварэнні УВК у выбарчых акругах № 17 і № 18 прысутнічалі прадстаўнікі ад АГП, “Справядлівага свету”, сябра абласнай выбарчай камісіі Павел Левінаў. У Першамайскім раёне дзве акругі, а іх нумерацыя скразная, таму не ўзнікла пытанняў з нумерамі УВК, указаных у пратаколах паседжанняў партыяў, якія вылучалі сваіх прэтэндэнтаў у склад камісій, як гэта было ў іншых рэгіёнах.
Сваіх прадстаўнікоў вылучалі апазіцыйныя партыі: Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” – 10 чалавек, Аб’яднаная грамадзянская партыя – 19 чалавек, партыя БНФ – 19 чалавек. Ніхто з вылучэнцаў не быў уключаны ў склад камісій. Пры гэтым у склад кожнай УВК было вылучана не больш за 18 прэтэндэнтаў, хаця максімальная колькасць сябраў камісіі – 19.
Так, напрыклад, у камісію складам у пяць чалавек не быў уключаны прадстаўнік АГП на той падставе, што прэтэндэнт не працуе ў радзільным доме, дзе будзе працаваць гэтая камісія.
“Ва УВК №6 было вылучана 16 чалавек, аднак на паседжанні было прынятае рашэнне сфарміраваць камісію з 13 чалавек, таму былі “выкінутыя” прадстаўнікі ад БНФ, АГП і “Справядлівага свету”. Матэматыка сыходзіцца”, - падкрэсліла назіральніца.
Усяго 33 камісіі былі сфарміраваныя на безальтэрнатыўнай аснове, без конкурса, шляхам зачытвання спіса па прозвішчах, без характарыстак і абмеркавання вылучэнцаў, адзінагалосным галасаваннем. У камісіях, дзе быў “конкурс”, зачытваўся спіс прозвішчаў, давалася агульная характарыстыка на ўсю групу асобаў, абавязкова казалася пра тое, што інфармацыі пра прадстаўніка ад апазіцыйнай партыі – няма, або вылучэнец – беспрацоўны.
Цікава, што ў галасаванні прымаў удзел памочнік пракурора, які таксама галасаваў, пакуль гэтага не заўважыў кіраўнік адміністрацыі і не зрабіў заўвагу.
АГП і БНФ плануюць абскардзіць неўключэнне іх вылучэнцаў у склад УВК.
У Наваполацку было сфарміравана 34 участковых выбарчых камісій, у склад якіх увайшло ад 13 да 19 чалавек. Усяго было вылучана 587 прэтэндэнтаў, з іх 205 вылучаныя ад грамадзянаў шляхам падачы заяў, 126 – ад працоўных калектываў і 256 – ад грамадскіх аб’яднанняў.
У Докшыцкай выбарчай акрузе №22 было вылучана 155 прэтэндэнтаў у склады ўчастковых камісій ад грамадзянаў шляхам падачы заяў, 90 – ад праўладных прафсаюзаў, 21 – ад працоўных калектываў, 31 – ад “Белай Русі”, 20 – ад ветэранскіх аб’яднанняў, 23 чалавекі ад БРСМ і 27 – ад “Беларускага саюза жанчын”. Характарыстыку вылучэнцам давалі агулам, спасылаючыся на іх адказнасць, шматлікі опыт у выбарчых кампаніях. Па прафесіі сярод іншных у камісіі патрапілі, напрыклад, повар, качагар, вадзіцель, трактарыст, даяр, вартаўнік, паштальён.
Як паведамляе назіральнік з Оршы Ігар Казмерчак, структура участковых камісій па Аршанскай гарадской выбарчай акрузе №25 і Аршанскай-Дняпроўскай выбарчай акрузе №26 адносна папярэдніх выбараў па-сутнасці не змянілася: амаль у кожнай з іх прысутнічае супрацоўнік выканкаму, які вылучыўся ад прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў. Кіраўнікі ўстановаў і прадпрыемстваў вылучаліся пераважна ад сваіх працоўных калектываў.
Найбольш актыўна вылучылі сваіх прадстаўнікоў па абодвух акругах у раёне (№ 25 і № 26) наступныя арганізацыі:
- прафсаюз адукацыі - 58 чалавек, з іх у камісіі патрапілі 100%;
- прафсаюз аграпрамысловага комплексу - 35 чалавек, таксама ўсе вылучэнцы патрапілі ў камісіі;
- Саюз ветэранаў - 72 чалавекі, з іх у акрузе №26 не прайшло толькі 2 чалавекі;
- Чырвоны крыж - 59 чалавек, 58 з якіх прыме ўдзел у выбарчай камісіі;
- БРСМ - 93 чалавекі, з іх па 26 акрузе не прайшло 2 чалавекі.
“Арыгінальнасцю гэтага фарміравання УВК было тое, што па ўсіх участках улады вылучалі на аднага чалавека больш, чым уводзілі ў камісіі. Найчасцей не ўключалі вылучэнцаў ад грамадзянаў”, - падкрэслівае назіральнік.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале
Крыніца: Качагар, даяр, паштальён, ахоўнік… Хто патрапіў ва УВК у Віцебскай вобласці?