Баранавіцкі гарадскі выканкам сфарміраваў участковыя выбарчыя камісіі па Баранавіцкай-Заходняй (№5) і па Баранавіцкай-Усходняй (№6) акругах. Па словах назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свбаодныя выбары” Аляксандра Вайцешыка, працэс фарміравання доўжыўся прыкладна дзве з паловай гадзіны.
Амаль па ўсім участкам (акрамя аднаго) прадстаўнікі выканкама галасавалі за спіс кандыдатаў, папярэдне агучыўшы іх імёны і прозвішчы, а таксама шлях вылучэння. Ва ўчастковую камісію №26 па Баранавіцкай-Усходняй акрузе вылучалася 10 чалавек, але ж камісія парэкамендавала 9, тым самым выключыўшы кандыдата ад “Справядлівага свету” Міхаіла Беразоўскага. Прычына была ў тым, што Беразоўскі ўжо з’яўляецца сябрам акруговай выбарчай камісіі Баранавіцкай акругі №7. Па гэтай камісіі галасаванне ішло па кожнай кандыдатуры асобна.
У выніковы склад УІК ад апазіцыі ўвайшлі толькі два чалавекі ад “Справядлівага свету”. Асноўны склад камісій стаў такім, як і ў іншых рэгіёнах. Туды ўвайшлі прадстаўнікі БРСМ, "Фонду міра", праўладных прафсаюзаў, "Саюзу жанчын" і г.д.
Аляксандр Вайцешык адзначае, што падчас пасяджэння па фарміраванні УВК не раз гучала дзіўная фармулёўка – “Працоўная група”.
“Нейкая “Прцоўная група”, якая не прадугледжана законам, рэкамендавала кандыдатуры ў УВК. Невядомы ні парадак фарміравання такой групы, ні прынцып яе працы, ні яе склад”, - кажа Вайцешык.
Бярозаўскі райвыканкам на сваім пасяджэнні за паўтары гадзіны сфарміраваў 40 УВК (18 па Пружанскай выбарчай акрузе №9 і 22 па Івацэвіцкай выбарчай акрузе №11).
39 УВК ствараліся наступным чынам: кіраўнік аддзелу арганізацыйна-кадравай працы райвыканкаму Віталь Мшар абвяшчаў, што ў пэўную УВК было вылучана 7, 9, 11, 13, 14, 15 ці 16 прэтэндэнтаў. Райвыканкам адзінагалосна зацвярджаў гэты ж колькасны склад кожнай УВК, затым той жа дакладчык зачытваў прозвішча, імя і імя па бацьку, а таксама шлях вылучэньня будучых сябраў УВК. Ён казаў, што "ніякіх заўвагаў ад рабочай групы па дадзеных кандыдатурах не паступіла", а райвыканкам зноў жа адзінагалосна зацвярджаў агулам асабісты склад кожнай па асобку УВК.
І толькі па адной УВК (выбарчага ўчастка №55 па Пружанскай выбарчай акрузе №9) колькасць прэтэндэнтаў склала ажно 22 асобы, і райвыканкам быў вымушаны зацвердзіць максімальны склад УВК — 19 сябраў.
Тром прэтэндэнткам месца ў складзе УВК “не хапіла. Сярод тых , хто апынуўся “за бартом” складу ЎВК, стала і вылучаная партыяй БНФ праваабаронца Тамара Шчапёткіна, якая больш дзесяці гадоў ніяк не можа займець вопыту працы ў выбарчых камісіях. Пры гэтым яна мае шматгадовы вопыт назірання ў камісіях рознага ўзроўня і ў міжнародных місіях назірання. Шчапёткіну “не рэкамендавалі” ўключаць ва УВК, бо яна “супрацоўнічае з замежным “Радыё Рацыя” і неаднаразова прыцягвалася да адміністратыўнай адказнасці за гэтую дзейнасць, за незаконную арганізацыю масавых мерапрыемстваў і незаконны выраб прадукцыі СМІ.
Не парэкамендавала працоўная група ўключыць ва УВК і вылучаную грамадзянамі бухгалтарку раённай арганізацыі “Белая Русь” Ларысу Берагавую, якая таксама не мае вопыту працы ў выбарчых камісіях. “Не пашчасціла” і яшчэ адной вылучэнцы палітычнай партыі — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці — начальніцы ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароне Бярозаўскага райвыканкаму Людміле Эсанавай, якая хоць і з’яўляецца “адказным і граматным спецыялістам” і мае неабходны вопыт працы ў выбарчых камісіях, але “вельмі занятая па асноўным месцы працы”.
Варта заўважыць, што ў склад УВК атрымалася трапіць тром прадстаўнікам партыі БНФ, якія мелі досвед працы ў камісіях.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.
Крыніца: Як стваралі УВК у Баранавіцкім і Бярозаўскім раёнах?