Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну фармуе УВК Як паведамляе праваабаронца Леанід Свецік, 2 кастрычніка віцебскія раённыя адміністрацыі сфармавалі ўчастковыя выбарчыя камісіі. Прадстаўніцтва апазыцыйных палітычных аб’яднанняў ва ўчастковых камісіях у межах Кастрычніцкага раёну Віцебску роўнае нулю.

Гэтак, за чатыры з паловай гадзіны адміністрацыя Кастрычніцкага раёну Віцебску здолела сфармаваць 61 участковую выбарчую камісію, у якіх будуць працаваць 800 прадстаўнікоў ад працоўных калектываў, партый, грамадзкіх аб'яднанняў і грамадзян.

Апазіцыйныя палітычныя структуры – Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) сваіх прадстаўнікоў ва УВК увогуле не заяўлялі.

Адзінай апазыцыйнай палітычнай структурай, якая прапанавала сваіх кандыдатаў у якасці сябраў участковых камісій, стала Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”. Але нікога з пяці партыйцаў на чале з кіраўніком абласной арганізацыі Мікалаем Селівашкам улады ў камісіі не ўключылі. Знайшлі для гэтага фармальную прычыну: кіраўніцтва “Справядлівага свету” не падало ў адміністрацыю характарыстыкі на сваіх кандыдатаў.

Адзначым, што прадстаўнікоў дзвюх іншых партый левага толку – Камуністычнай партыі Беларусі (тры чалавекі) і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (чатыры чалавекі) – улады дапусцілі працаваць ва ўчастковых камісіях.

Нават калі ўлічваць гэтых партыйцаў, прадстаўніцтва палітычных аб'яднанняў ва ўчастковых камісіях у межах Кастрычніцкага раёну Віцебску роўная нулю.

Крыніца: Апазіцыянераў не пусцілі ва ўчастковыя камісіі