Прысутнічаць пры праверцы сапраўднасці подпісаў кандыдатаў у Берасці незалежным назіральнікам не далі. Пра гэта паведаміла назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Маргарыта Вялічкіна. Яна сама справабала паназіраць за працэсам прыняцця рашэнняў па дакументах патэнцыйных кандыдатаў, але без поспеху, — распавяла актывістка Беларускаму Радыё Рацыі.
“Старшыня сказала, што ў яе падрыхтаваны праект. Я адразу зразумела¸ што мне там адмовяць. На другім пытанні яна зачытала маю заяву, у якой была спасылка на 13 артыкул пра галоснасць. Але яна спаслалася на артыкулы 15, 16, 18, 19, артыкулы 61 і 67, што не прадугледжаны ўдзел назіральнікаў у працэсе праверкі дакладнасці здадзеных дакументаў”.
Як адзначыла Маргарыта Вялічкіна, прадстаўнікі выбарчых камісій патлумачылі ёй, што дакументы і вынікі самой праверкі могуць глядзець толькі патэнцыйныя кандыдаты.
У большасці выпадкаў назіральнікам кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” было адмоўлена ў назіранні за працэдурай праверкі сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах. Так, адмовілі назіральнікам з Гародні, Верхнядзвінска, Мазыра, Магілёва і іншых гарадоў. Акруговыя камісіі аргументавалі гэта наступным чынам: “праверка подпісаў з’яўляецца рабочым момантам працы АВК”; “назіральнікі маюць права прысутнічаць толькі на пасяджэннях камісіі, а праверка подпісаў праводзіцца не на пасяджэнні”, “прысутнасць назіральнікаў пры праверцы подпісаў не прадугледжана заканадаўствам”.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале
Крыніца: Брэст: Не далі магчымасці назіраць за праверкай сапраўднасці подпісаў