Сумесная заява беларускіх праваабарончых арганізацый
Мінск, 3 жніўня 2017 г.
2 жніўня 2017 г. у межах крымінальнай справы, узбуджанай па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – “ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры” - быў затрыманы Генадзь Фядыніч, старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Пазней ён быў адпушчаны. Санкцыя ў межах артыкула, які інкрымінуецца Генадзю Фядынічу, прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Крымінальная справа таксама ўзбуджаная ў дачыненні да Ігара Комліка, галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь правялі ператрусы дома ў Ігара Комліка, Генадзя Фядыніча і Наталлі Пічужкінай, а таксама ў офісе прафсаюза РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску. Канфіскаваныя камп’ютарная тэхніка і фінансавыя дакументы.
Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».
Варта адзначыць, што аналагічная крымінальная справа была ўзбуджаная ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, што адназначна было расцэнена праваабарончай і міжнароднай супольнасцю як пераслед за яго шматгадовую праваабарончую дзейнасць.
Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях, разглядаючы справу Алеся Бяляцкага, у сваім Меркаванні адзначыла, што ў адпаведнасці з артыкулам 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах дзяржавы-ўдзельніцы звязаныя не толькі негатыўным абавязальніцтвам не ўмешвацца ў стварэнне аб'яднанняў, альбо іх дзейнасць, але пазітыўным абавязацельствах забяспечваць прававую аснову для ўключэння ў такую дзейнасць юрыдычных асоб. На думку Працоўнай групы, такія захады, як садзейнічанне задачам асацыяцый шляхам дзяржаўнага фінансавання або дазволу на вызваленне ад падаткаў на сродкі, атрыманыя з-за межаў краіны, уваходзяць у сферу пазітыўнага абавязацельства ў адпаведнасці з артыкулам 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Крымінальная справа ў дачыненні да кіраўнікоў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка мы адназначна ўспрымаем як атаку на незалежны прафсаюзны рух, звязаную з іх грамадскай актыўнасцю, і імкненнем уладаў запалохаць арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. У гэтай сувязі хочам нагадаць, што прафсаюз РЭП сабраў больш за 45 тысяч подпісаў супраць Дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» ( «Дэкрэт пра дармаедаў») і актыўна ўдзельнічаў у «Маршах недармаедаў», якія праходзілі ў многіх гарадах Беларусі вясной 2017 года, прававыя інспектары прафсаюза аказвалі прававую дапамогу грамадзянам.
Дадзеныя абставіны сведчаць аб тым, што крымінальную справу, распачатую ў дачыненні да лідэраў прафсаюза РЭП, варта разглядаць у святле гарантый, замацаваных у артыкуле 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, нагадваем уладам Рэспублікі Беларусь, што згодна з артыкулам 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах кожны мае права на свабоду асацыяцыяў з іншымі, уключна права ствараць прафсаюзы і ўступаць у такія для абароны сваіх інтарэсаў. Карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія прадугледжваюцца законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў. Нішто не дае права дзяржавам, якія ўдзельнічаюць у Канвенцыі МАП № 87 прымаць заканадаўчыя акты ў шкоду гарантыяў, якія прадугледжаныя ў ёй, або ўжываць закон такім чынам, каб наносіўся ўрон гэтых гарантый.
У адпаведнасці з артыкулам 3 Канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы аб свабодзе аб'яднанняў і абароне права аб'ядноўвацца ў прафсаюзы № 87 дзяржаўныя ўлады ўстрымліваюцца ад усялякага ўмяшання, здольнага абмежаваць права арганізацый работнікаў і працадаўцаў выпрацоўваць свае статуты і адміністрацыйныя рэгламенты, свабодна выбіраць сваіх прадстаўнікоў, арганізоўваць свой апарат і сваю дзейнасць і фармуляваць сваю праграму дзеянняў або перашкодзіць яго законнаму ажыццяўленню. Абарона прафсаюзаў і іх правоў ад замаху з боку ўрада з'яўляецца гарантыяй правоў грамадзян на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў.
У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый:
- Лічым, што крымінальная справа, распачатая ў дачыненні да кіраўнікоў прафсаюза РЭП Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча палітычна матываваная, звязаная з іх актыўнай прафсаюзнай дзейнасцю і мірным ажыццяўленнем права на свабоду асацыяцыяў.
- Заклікаем спыніць крымінальны пераслед Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
- У сувязі з утрыманнем Ігара Комліка ў ізаляцыі разглядаем яго ў якасці палітвязня і патрабуем яго неадкладнага вызвалення.
- Адначасова патрабуем ад уладаў Беларусі спыніць ціск на незалежны прафсаюзны рух і заклікаем адмовіцца ад неправамернага ўмяшання ў іх дзейнасць.
- Заклікаем беларускую грамадскасць і міжнародная супольнасць ужыць усе магчымыя сродкі палітычнага і прававога ціску на ўрад Беларусі ў мэтах вызвалення Ігара Комліка.
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый
Беларускі Дом правоў чалавека імя Б. Звозскава
ПУ "Беларускі дакументацыйны цэнтр"
РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт"
Ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права"
Простае таварыства "Ініцыятыва FORB»
Праваабарончы цэнтр "Вясна"
РГА "Прававая ініцыятыва"
Камітэт абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць"
Установа "Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман Канстанта"
Асветніцкая ўстанова "Цэнтр прававой трансфармацыі"
Крыніца: Заклікаем спыніць крымінальны пераслед Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка