У суд Заводскага раёна даставілі Дзмітрыя Навуменку, які быў затрыманы 5 жніўня разам з Іванам Лісаўцом пасля канцэрту “Крамбамбулі”. Справу ў дачыненні да Дзмітрыя па арт. 17.1 КаАП “Дробнае хуліганства” разглядае Алена Някрасава.
Затрыманага вінавацяць у тым, што ён у нецвярозым стане лаяўся, чапляўся да грамадзянаў, на заўвагі не рэагаваў.
- Дзмітрый Навуменка ў судзе
Дзмітрый Навуменка віну не прызнаў, суду патлумачыў, што знаходзіўся на тэрыторыі каля стадыёна “Трактар” на масавым мерапрыемстве, выпіў піва. Калі выходзіў са стадыёна разам з сябрам, да іх падыйшлі супрацоўнікі міліцыі: адзін быў у форме, другі – у цывільным, якія сказалі пайсці з імі. Яны пайшлі ў комнату міліцыі на стадыёне. Дзмітрый не крычаў, а толькі падпяваў, як і шмат іншых людзей, да грамадзянаў не прыставаў, заўваў ад міліцыі ніякіх не паступала. У міліцыі яму патлумачылі, што прычына затрымання – бела-чырвона-белы сцяг, які быў разгорнуты падчас канцэрта. Пры вобшуке сцяг пры затрыманым не знайшлі.
Хлопцаў адправілі на медыцынскі агляд, пасля ў РУУС, дзе былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да іх. Копію пратакола Дзмітрыю Навуменка не выдалі, а толькі далі пачытаць.
Сведка-амапавец Віктар Харужый распавёў, што бачыў, што Дзмітрый Навуменка паводзіў сябе агрэсіўна, лаяўся матам, была вельмі гучная музыка, аднак сведка змог пачуць. Ніякіх заўваг яму не рабілі, а проста пачакалі на выхадзе са стадыёну. Сведка сказаў, што затрыманы ні да каго не чапляўся, аднак у рапарце напісана – “зняважліва чапляўся да грамадзян”. Тады Віктар Харужый патлумачыў, што меў на ўвазе тое, што Дзмітрый Навуменка проста лаяўся, а гэта і было “зняважлівае чаплянне да грамадзянаў”.
Другі сведка Аляксандр Маісеенка ў суд не з’явіўся. Суддзя вырашае працягнуць разгляд справы без яго ўдзелу. Аднак абаронца хадайнічае аб выкліке АМАПаўца ў суд для дачы паказанняў.