Як стала вядома ПЦ "Вясна", 10 жніўня галоўнаму бухгалтару прафсаюза РЭП Ігару Комліку прад'явілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу - «Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».
Сваю віну Ігар Комлік не прызнае, ніякіх паказанняў не дае. Аднак, меру стрымання пакінулі тую ж: абвінавачаны застаецца пад вартай.
Нагадаем, 2 жніўня 2017 года супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі правялі ператрус і канфіскацыю кампутараў і фінансавых дакументаў у офісе прафсаюза РЭП і цэнтральнага офіса БНП. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгалтар Ігар Комлік. Г. Фядыніч быў дапытаны і адпушчаны, а Ігар Комлік заставаўся пад вартай.
Праваабарончыя арганізацыі Беларусі 3 жніўня заявілі, што лічаць Ігара Комліка палітвязнем. Паводле праваабаронцаў, распачатая супраць прафсаюзных лідараў крымінальная справа палітычна матываваная, звязаная з актыўнай прафсаюзнай дзейнасцю і мірным ажыццяўленьнем права на свабоду асацыяцыяў.
У падтымку прафсаюзных лідараў выступілі Глабальны саюз IndustriALL і Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, якія заклікалі ўлады Беларусі спыніць пераслед Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
Сёння ж з сумеснай заявай выступілі Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), якія таксама заклікалі беларускі ўрад зняць усе абвінавачванні з Ігара Комліка і спыніць крымінальны пераслед лідараў прафсаюзных арганізацый за іх мірную дзейнасць.