Журналіст Уладзімір Лапцэвіч абскардзіў у Магілёўскім абласным судзе рашэнне раённага суддзі Алены Літвіной, якая аштрафавала яго на 45 базавых велічынь за публікацыі ў польскім штотыднёвіку для беларусаў «Ніва».
Згодна з рашэннем суда, Лапцэвіч без акрэдытацыі МЗС Рэспублікі Беларусь вырабляў прадукцыю СМІ для замежнага выдання, што з’яўляецца парушэннем.
Перад пачаткам пасяджэння ў аблсудзе карэспандэнт mspring.online запытаў у суддзі Ігара Зямцова дазвол на фота і відэаздымку, аднак той адмовіў, нягледзячы на згоду Уладзіміра Лапцэвіча. Сам Лапцэвіч таксама хадайнічаў аб здымцы падчас паседжання, аднак Зямцоў не змяніў свайго рашэння. Журналіст заявіў суддзі адвод. Той абвясціў перапынак, падчас якога гледачы адкрытага пасяджэння падалі каля дзясятка скаргаў на дзеянні суддзі за забарону здымкі.
Калі Ігар Зямцоў вярнуўся, ён адхіліў адвод і вынес папярэджанне праваабаронцы Аляксандру Хамратаву за тое, што той заклікаў скардзіцца на ягоныя дзеянні ў падчас працэсу. Хамратаў парыраваў тым, што зрабіў гэта ўжо пасля таго, як суддзя абвясціў перапынак.
Што тычыцца самой скаргі, то Уладзімір Лапцэвіч падчас працэсу яшчэ раз заявіў, што ён не з’яўляецца журналістам «Нівы» і ўсяго толькі пісаў лісты ў часопіс. Паводле яго слоў, ён з’яўляецца пазаштатным аўтарам з 2002 года. Пры гэтым ніякай перыядычнасці ў яго лістах няма і разглядаць яго дзейнасць як вытворчасць і стварэнне прадукцыі СМІ нельга.
– Я пішу ім лісты як чытач, якому падабаецца гэтая газета. Тэмай маіх лістоў, якія размяшчаюцца ў выданні, з’яўляюцца сайты ў Інтэрнэце, а менавіта – іх агляд і ацэнка. Гэтыя тэксты, паўтараю, ўяўляюць сабой, па сутнасці, лісты ў рэдакцыю ад чытача, якім можа быць любы чалавек у любой краіне, і не абавязкова журналіст. Выплата ганарараў прадугледжваецца кожнаму аўтару, чые лісты публікуюцца, – заявіў Лапцэвіч.
Ігар Зямцоў выносіў сваё рашэнне каля гадзіны, а зачытаў за дзесяць секунд: пакінуў скаргу журналіста без задавальнення, а штраф у 1035 рублёў – у сіле.
– У чым я быў цалкам упэўнены, то і адбылося. Гэты зыход даказаў, што не трэба чакаць адхілення суда ад «генеральнай лініі». Важна было агучыць тыя думкі і ўстаноўкі, якія былі ў мяне адносна таго, што адбываецца.Гэта было няпраўнае, несправядлівае рашэнне.
Тое, што суддзя жорстка адмовіў у фота і відэаздымцы, пры гэтым ніяк не патлумачыўшы гэта, служыць яшчэ адным доказам таго, што ўвесь працэс – гэта выключная фармальнасць. Суддзя проста выканаў функцыю па адхіленні скаргі, як я і меркаваў, – падзяліўся сваімі думкамі пасля працэсу журналіст.
Паводле яго слоў, падобныя працэсы ў першую чаргу пагаршаюць імідж Беларусі.
– Мяне больш за ўсё здзіўляе вось што. Я не такая важная персона. І калі мяне аштрафуюць, пасадзяць ці неяк прыбяруць, то ў палітычных працэсах, якія адбываюцца ў Магілёўскай вобласці, нічога ж не зменіцца. Шкада, што ніхто не думае пра гэта, галоўнае – гэта ж пакараць журналіста, якія піша ў часопіс нашай беларускай дыяспары.Такія суды – гэта ўдар у першую чаргу па іміджы Беларусі, – лічыць Лапцэвіч.
Ён ужо гатовы абскардзіць рашэнне судоў на міжнародным узроўні – у Камітэце па правах чалавека ААН. На думку праваабаронцы Барыса Бухеля, у Лапцэвіча ёсць высокія шанцы на перамогу.