У Кобрыне супрацоўнікамі мясцовай міліцыі затрыманы грамадскі актывіст Алесь Мех. Яго затрымалі а 10-й раніцы 15 жніўня ў кватэры знаёмага Дзмітрыя Чарніцкага, які раней дапамагаў Меху на выбарах.
Беларускае Радыё Рацыя паведамляе, што Чарніцкі патэлефанаваў Меху і паведаміў, што некалькі дзён таму яго падманам завезлі ў аддзел і пратрымалі цэлы дзень. Забіралі ключы ад кватэры і вярнулі бруднымі – відаць, рабілі адбітак. Мужчына папрасіў Меха прыехаць, каб праверыць наяўнасць “жучкоў” у кватэры.
„Яшчэ Чарнецкі баяўся, каб не падкінулі наркотыкі,” – кажа Наталля Мех. – Учора памянялі ключ, памянялі замок у кватэры. А сёння Саша пайшлоў да яго і вось…
Дзяжурная служба Кобрынскага РАУС пацвердзіла, што Алесь Мех знаходзіцца ў іх, у крымінальным аддзеле.
– Супрацоўнікі міліцыі праводзяць праверку. Будзе прынятае законнае рашэнне. Калі Алесь Мех ні ў чым не вінаваты, не парушыў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, то абавязкова разбяруцца, адпусцяць і папросяць прабачэння. Рашэнне яшчэ не прынятае, таму я вам пакуль не магу даць ніякай інфармацыі.
РР: А хто праводзіць праверку? – Супрацоўнікі крымінальной міліцыі.
У кабінеце крымінальнага вышуку сказалі, што выконваючы абавязкі начальнік крымінальнай міліцыі Мікалай Сурма выйшаў. Супрацоўнік, які пажадаў застацца невядомым, даваць інфармацыю пра Алеся Меха адмовіўся.