Вячаслаў Касінераў Суд Цэнтральнага раёна Мінска не падтрымаў пазоў анархіста Вячаслава Касінерава пра абарону яго гонару і годнасці, піша tut.by .

Актывіст падаваў пазоў супраць кіраўніка ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандра Барсукова і вядоўцы тэлеканала АНТ Кацярыны Цішкевіч, а таксама іх наймальнікаў — тэлеканала і МУС. Касінераў палічыў абразай для сябе словы Барсукова ў эфіры АНТ, дзе той заявіў, быццам Касінераў — хуліган, на якім "кляйма няма дзе ставіць", і што ён тройчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства. 

Заява Аляксандра Барсукова прагучала ў тэлесюжэце 6 красавіка. Тады на Касінерава пачалі крымінальную справу за перформанс — накідванне пятлі на скульптуру гарадавога. Яго судзілі за хуліганства і ў выніку далі штраф.

Кіраўнік сталічнай міліцыі тады заявіў: "Гэта просты хуліган, на якім кляйма няма дзе ставіць, па вялікім рахунку... Тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства, тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і за псаванне маёмасці". 

Насамрэч на момант выхаду тэлесюжэту Касінераў толькі адзін раз прыцягваўся да крымінальнай адказнасці — па вядомай "справе графіцістаў". Тады яго судзілі за псаванне маёмасці, а не за хуліганства. 

У судзе 17 жніўня юрыст АНТ Юрый Зінкевіч заявіў, што ў тэлесюжэце не называлася імя Касінерава, таму ідэнтыфікаваць яго немагчыма. А каментары прадстаўнікоў ГУУС не могуць быць падставай для прыцягнення СМІ да адказнасці, бо паводле закону СМІ не адказваюць за трасляваныя словы прадстаўнікоў дзяржорганаў.

Прадстаўнік МУС Аляксандр Арлоў таксама паўтарыў, што сюжэт на тэлеканале не ідэнтыфікаваў Касінерава. А іншы прадстаўнік МУС Андрэй Тур прызнаў, што гаворка ў сюжэце ішла пра Касінерава, але там не апісваюцца яго асабістыя звесткі, а толькі распавядаецца пра злачынства.

"Разам з тым, інфармацыя аб прыцягненні яго да крымінальнай адказнасці, выказаная начальнікам ГУУС, з'яўляецца вобразным, фігуральна выразам, заснаваным на суб'ектыўным меркаванні адказчыка наконт наяўных звестак аб прыцягненні істца да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці раней", — патлумачыў ён.

Адвакатка Касінерава заявіла, што Барсукоў выступаў у якасці афіцыйнай асобы і не мог выказваць свае суб'ектыўныя меркаванні, асабліва гаворачы пра факты — нібыта трохразовае прыцягненне яе кліента да крымінальнай адказнасці.

Суддзя Андрэй Дзянкевіч падтрымаў пазіцыю адказчыкаў пра тое, што імя Касінерава ў тэлесюжэце не згадваецца, а значыць, яго нельга ідэнтыфікаваць. На гэтай пасдтаве суд адмовіў Касінераву ў задавальненні пазову. 

Дарэчы, у пісьмовым пярэчанні на пазоў, якое Барсукоў накіраваў у суд, сам кіраўнік міліцыі не хавае, што казаў пра Касінерава.

Паводле "Еўрарадыё"

Крыніца: Вячаслаў Касінераў прайграў суд супраць АНТ і начальніка ГУУС