Магілёўскія актывісты прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) паскардзіліся на фактычную немагчымасць правесці акцыі салідарнасці са сваімі калегамі.
Сябры прафсаюза РЭП з Магілёва Аляксей Яўгенаў і Аляксандр Хамратаў збіраліся 24 жніўня правесці пікеты салідарнасці з калегамі, якіх улады абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў.
Па інфармацыі mspring.online, адна з акцый павінна была адбыцца ў спецыяльна прызначаным для масавых мерапрыемстваў месцы – былым стадыёне «Хімік» на вуліцы Чалюскінцаў. Другая – у цэнтры Магілёва, недалёка ад гарвыканкама. Як заявіў Аляксей Яўгенаў, правесці пікеты па законе магчымасці няма.
– Нават у месцы, дзе дазволілі мітынгі і акцыі, мы нічога правесці не зможам. Мы павінны былі да 18 жніўня заключыць дамовы на абслугоўванне з камунальнымі службамі і хуткай, але для гэтага нам патрэбен быў адказ з гарвыканкаму. А атрымалі мы яго непасрэдна 18 жніўня – было ўжо позна. Улады адмыслова зацягнулі з адказам і зрабілі ўсё, каб пікетаў не было, – выказаўся прафсаюзны актывіст.
Што тычыцца акцыі ў цэнтры горада, то ўлады ў чарговы раз спаслаліся на тое, што ў абласным цэнтры ёсць толькі адно дазволенае месца для масавых мерапрыемстваў. Гэты адказ актывісты РЭП маюць намер абскардзіць, бо лічаць гэта прамым уварваннем ў свабоду мірных сходаў.
Нагадаем, што 2 жніўня кіраўніка незалежнага прафсаюзу радыё-электроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча, былую рэдактарку сайта praca-by.info Наталлю Пічужкіну і галоўнага бухгалтара РЭП Ігара Комліка затрымала міліцыя. Пасля допыту Пічужкіну і Фядыніча адпусцілі, Комлік застаўся пад арыштам. У мінскім офісе РЭП, а таксама ў дамах затрыманых прайшлі ператрусы, была вынятая кампутарная тэхніка і дакументацыя. У дачыненні да ўсіх траіх распачалі крымінальную справу па факце нявыплаты падаткаў.
РЭП хоча правесці акцыі салідарнасці з калегамі па ўсёй краіне.