Дзмітрый Паліенка. Фота belapan.com Заява Amnesty International

22 жніўня 2017 года

Amnesty International заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць вязня сумлення Дзмітрыя Паліенку, які быў зняволены выключна за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў на свабоду слова і свабоду мірных сходаў. Ён адбывае два гады турэмнага зняволення ў Бабруйску, каля 100 км на паўднёвы ўсход ад Мінска. Паліенка застанецца ў зняволенні да кастрычніка 2018 года, і яго прысуд не можа быць абскарджаны.

12 кастрычніка 2016 года суд Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаў Дзмітрыя Паліенку вінаватым у «гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў», у адпаведнасці з артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Абвінавачванні звязаныя з велапрабегам, які адбыўся ў Мінску 29 красавіка 2016 года з мэтай мірнага пратэсту супраць абмежаванняў правоў раварыстаў. У прабегу ўзялі ўдзел каля 35 раварыстаў. Паводле праваабарончых арганізацый, якія назіралі за мерапрыемствам, неўзабаве пасля яго пачатку супрацоўнікі міліцыі спрабавалі спыніць прабег, выкарыстоўваючы непатрэбную і празмерную сілу супраць яго ўдзельнікаў. Шэраг раварыстаў былі кінутыя ў міліцэйскую машыну, дзе, як яны сцвярджаюць, іх збівалі і прымушалі ляжаць на падлозе, пры гэтым іх ровары кінулі ім на спіны і прымусілі так ляжаць аж да прыбыцця ў аддзяленне міліцыі.

Дзмітрыя Паліенку абвінавацілі ў тым, што ён падраў куртку супрацоўніка міліцыі. Ён быў адзіным удзельнікам прабегу, супраць якога была распачатая крымінальная справа. Да суда, які адбыўся ў кастрычніку 2016 г., ён на працягу пяці месяцаў знаходзіўся ў зняволенні. У ходзе судовага працэсу супрацоўнік міліцыі прызнаў, што ён не ўпэўнены, што яго куртку сапраўды падраў Дзмітры Паліенка, а іншыя сведкі не змаглі даць супраць яго паказанні.

Незадоўга да суда яму было прад’яўленае дадатковае абвінавачванне ў «вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару» ў адпаведнасці з артыкулам 343, часткай 2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Гэта абвінавачванне звязана з спасылкай, якую, паводле абвінавачвання, Дзмітры Паліенка размясціў на адной з яго старонак у сацыяльных сетках тры гады таму. Спасылка тычылася трансляцыі парнаграфіі на адным з беларускіх тэлеканалаў. Тэлерэжысёр тэлеканала пасля быў абвінавачаны і асуджаны, але відэа парнаграфічнага матэрыяла стала вірусным.

Дзмітры Паліенка быў прызнаны вінаватым па абодвух артыкулах і быў прысуджаны на двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Дзмітры Паліенка абскардзіў рашэнне ў Мінскім гарадскім судзе, але адтэрмінаваны прысуд быў пакінуты ў сіле 27 снежня 2016 года.

10 і 20 сакавіка 2017 года Дзмітры Паліенка быў прысуджаны да адміністрацыйных арыштаў тэрмінам на сем і пятнаццаць сутак, адпаведна. Першы адміністрацыйны арышт звязаны з судовым разглядам,на якім Дзмітры Паліенка прысутнічаў у якасці назіральніка. У час абвяшчэння прысуду ён і іншыя назіральнікі крычалі «Ганьба!», за што суд абвінаваціў яго ў адпаведнасці з артыкуламі 17.1 і 23.4 КаАП Беларусі («дробнае хуліганства» і «непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі», адпаведна). Другі адміністрацыйны арышт звязаны з мірнай акцыяй пратэсту, якая прайшла 25 лютага супраць будаўніцтва бізнес-цэнтра ў Мінску. Яму было прад’яўленае абвінавачванне ў адпаведнасці з артыкулам 23.34, часткай 3 Адміністрацыйнага кодэкса Беларусі («арганізацыя або ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах»). Ён не быў вызвалены па адбыцці другога прысуду. Замест гэтага, яго ўтрыманне пад вартай было працягнутае яшчэ на 10 сутак на падставах, якія не былі публічна агалошаныя.

Улады сцвярджалі, што Дзмітры Паліенка парушыў умовы адбыцця адтэрмінаванага прысуду, у тым ліку ў сувязі з двума адміністрацыйнымі арыштамі, згаданымі вышэй.

7 красавіка 2017 г. суд Заводскага раёна г. Мінска адмяніў адтэрміноўку прысуду на два гады, які ў выніку ўступіў у сілу. Улічваючы час, які Дзмітры Паліенка ўжо правёў у зняволенні, ён мусіў адбыць у зняволенні 18 месяцаў і тры дні.

Amnesty International прааналізавала кожны з вышэйзгаданых выпадкаў, і лічыць, што ўсе абвінавачванні супраць Дзмітрыя Паліенкі вынікаюць з мірнага ажыццяўлення ім сваіх правоў на свабоду слова і мірных сходаў. Арганізацыя лічыць, што Дзмітры Паліенка стаў ахвярай пераследу з боку ўладаў праз яго мірную дзейнасць і, такім чынам, з’яўляецца вязнем сумлення. Amnesty International заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць яго.

Крыніца: Amnesty International: Дзмітрый Паліенка — вязень сумлення