Як паведамілі праваабаронцам “Вясны”, 27 жніўня каля 14.00 у Баранавічах было затрымана каля 15 чалавек, якія прыйшлі на сустрэчу з былым палітвязнем Расіі, анархістам Аляксеем Сутугай.
Моладзь даставілі ў ГАУС, дзе пратрымалі ад чатырох гадзін і болей. Усіх дапыталі, як яны патрапілі на месца збора і хто з’яўляецца галоўным. На трох грамадзян Расійскай Федэрацыі склалі пратаколы па арт. 17.11 КаАП – “Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць”, бо пры іх было дзесяць асобнікаў часопіса “Аўтаном”.
Сярод затрыманых былі непаўнагадовыя, аднаго з іх моцна збілі ў пастарунку. Ён распавёў:
“Мяне забраў намеснік начальніка крымінальнага росшуку Баранавічскага ГАУС Генадзь Валуй, як я потым зразумеў – таму што я адмовіўся падпісаць пратакол. Ён вывеў мяне на калідор і пачаў распытваць у грубай форме, з якога я раёна, дзе жыву, якая ў мяне мянушка і г.д. Потым пачаў піхаць мяне абедзьвума рукамі ў спіну, калі я падымаўся па прыступках на другі паверх, завёў мяне ў кабінет, зачыніў дзверы і пачаў збіваць: адкрытай далонню па твары, па шыі, кулаком у жывот, давіў каленам на жывот, біў нагамі па нагах. Увесь час сыпаліся пагрозы, што яму дастаткова зрабіць два-тры званка і я – ніхто, мяне зловяць блатныя ў горадзе і будуць збіваць”.
Пасля катаванняў, хлопца адвялі на допыт, дзе некалькі супрацоўнікаў ціснулі на яго псіхалагічна і вымусілі падпісаць пратакол.
Каля 21-й гадзіны ўсіх затрыманых выпусцілі. Аляксея Сутугу і двух яго паплечнікаў з Расіі спрабавалі пасадзіць на цягнік да Мінска, але ў выніку таксама адпусцілі. У іх адабралі аўтамабіль, усе тэлефоны, відэакамеру і нават паўэр-банк. Анархісты сцвярджаюць, што ні на што не былі аформленыя пратаколы канфіскацыі. З гэтай нагоды яны пакінулі заявы ў кнізе скаргаў РАУС.
З офісу, дзе адбывалася сустрэча, без складання пратаколаў вымання былі канфіскаваныя праектар, прынтар і кнігі.
Крыніца: Баранавічы: затрыманні актывістаў, канфіскацыя тэхнікі, збіццё непаўнагадовага