30 жніўня — Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных зьнікненьняў. Канвэнцыя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый набыла сілу ў 2010 годзе. Яна падпісаная амаль сотняй дзяржаваў і на гэты час ратыфікаваная 50 краінамі, піша Радыё "Свабода".

Паведамляецца, што напамін пра ахвяраў гвалтоўных зьнікненьняў павінен служыць для барацьбы зь беспакаранасьцю, абароны зьніклых асобаў і іх сем’яў і ўзмацненьня гарантый, якія прадастаўляюцца на аснове вяршэнства права, уключна з расьсьледаваньнем, крымінальным перасьледам вінаватых і пакрыцьцём шкоды.

Генэральная Асамблея ААН сваёй рэзалюцыяй ад 21 сьнежня 2010 году выказала сур’ёзную занепакоенасьць, у прыватнасьці, павелічэньнем колькасьці гвалтоўных або нядобраахвотных зьнікненьняў у розных частках сьвету. Гэта тычыцца ў тым ліку арыштаў, затрыманьняў і выкраданьняў, якія зьяўляюцца часткай гвалтоўных зьнікненьняў або раўназначныя ім.

Таксама расьце колькасьць паведамленьняў пра перасьлед, жорсткае абыходжаньне і запалохваньне, якія зазнаюць сьведкі зьнікненьняў або сваякі зьніклых асобаў.

Для Беларусі тэма зьніклых апанэнтаў рэжыму актуальная вось ужо амаль два дзясяткі гадоў.

7 траўня 1999 году пры нявысьветленых абставінах у Менску зьнік Юры Захаранка — апазыцыйны палітык, былы міністар унутраных спраў Беларусі. Крымінальную справу распачалі паводле артыкулу «наўмыснае забойства», але так і не давялі да суду.

Са слоў былога начальніка менскага СІЗА № 1 Алега Алкаева, Захаранку выкралі ды расстралялі на загад набліжаных да кіраўніцтва краіны.

Увосень таго ж году бясьсьледна зьніклі колішні дэпутат Вярхоўнага Савету, былы віцэ-прэм’ер Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Яны выйшлі з лазьні, і больш іх ня бачылі.

У 2000 годзе ў менскім аэрапорце быў выкрадзены відэаапэратар Дзьмітры Завадзкі, які прыехаў сустракаць свайго сябру і калегу Паўла Шарамета.

Лёс зьніклых ня высьветлены да гэтага часу.

У якасьці падазраваных фігуруюць сілавікі з ранейшага і цяперашняга атачэньня Аляксандра Лукашэнкі — Уладзімер Навумаў, Віктар Шэйман, Юры Сівакоў, Дзьмітры Паўлічэнка.

Крыніца: У Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных зьнікненьняў у Беларусі ўспамінаюць Захаранку, Ганчара, Красоўскага, Завадзкага