Ларыса Шчыракова ў судзе. Фота са старонкі ў фэйсбуку Андрэя Мядзведзева. Свой чарговы дзень народзінаў гомельская журналістка-фрылансерка Ларыса Шчыракова правяла ў судзе.

13 красавіка ў судзе Гомельскага раёна разглядалася адміністрацыйная справа журналісткі, якую абвінавацілі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ паводле арт. 22.9 КаАП.

Паводле рапарта падпалкоўніка А. Зуева, на Шчыракову склалі пратакол за стварэнне рэпартажу з пратэстнай акцыі «Кармленне галубоў або прагулка па набярэжнай», які 1 сакавіка трансляваўся па спадарожнікавым канале «Белсат». З ініцыятывы блогера Сяргея Ціханоўскага кожную нядзелю некалькі дзясяткаў гамельчукоў наведваюць набярэжную Сожа, гутараць з журналістамі і блогерамі, распавядаюць аб праблемах, абмяркоўваюць сацыяльна-эканамічную і палітычную сітуацыю ў краіне.

Суддзя Салоўскі вынес пастанову аб прыцяхненні фрылансеркі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 35 базавых велічыняў. Пра гэта ў фэйсбуку напісаў калега журналісткі Андрэй Мядзведзеў.

“Не толькі журналісты, але і героі Ларысіных сюжэтаў, проста неабыякавыя гамельчукі, якія не хочуць рабіцца паслухмяным статкам, які нехта можа загнаць у адну кашару, потым перагнаць у іншую, а, калі што, дык і зусім прырэзаць. І вось гэта галоўнае! Яднанне - гэта адзін з вынікаў нашай працы, –  піша Мядзведзеў. –   Менавіта за імкненне да яднання людзей супраць няволі гэтыя памагатыя рэжыму трасуцца з злоснай боязі ад адных толькі нашых прозвішчаў. І хай трасуцца! А Ларысу віншую з днём народзінаў і зычу і надалей заставацца такой жа прыгожай, нязломнай і перакананай у сваёй рацыі!"

Крыніца: Фрылансерку Ларысу Шчыракову судзілі ў день народзінаў