Подпіс пад петыцыяй за аднаўленне студэнткі Лізаветы Пракопчык на вучобе ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце паставіла праваабаронца і прадстаўніца ініцыятыўнай групы “Ідэнтычнасць і права” Наталля Манькоўская. Наталля падкрэслівае, што гэтае адлічэнне было несправядлівым, бо студэнтка не проста так перастала хадзіць на заняткі:

mankouskaja_facebook.jpg
Наталля Манькоўская. Фота з сацыяльнай сеткі facebook

“Сваю пазіцыю яна абгрунтавала тым, што патрэбная самаізаляцыя і дыстанцаванне. І ўжо зараз, калі ёсць сведчанні таго, што шматлікія універсітэты пераходзяць на дыстанцыйныя заняткі, шматлікія студэнты зараз у інтэрнатах на карантыне — значыць яе рашэнне было слушным. Адміністрацыя ўніверсітэта ж проста замарудзіла з прыняццём такога рашэння. А калі б гэтае рашэнне аб сацыяльным дыстанцаванні было прынятае некалькі тыдняў таму, магчыма б можна было гэтую хвалю запаволіць. З майго пункту гледжання, студэнтка выказвала сваю грамадзянскую пазіцыю, а за гэта нельга караць людзей”.

Студэнтку 4-га курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Лізавету Пракопчык адлічылі за пропускі заняткаў (яна прытрымлівалася двухтыднёвага карантыну). Адміністрацыя ўніверсітэта не лічыць гэта адлічэнне палітычна матываваным, аднак сама cтудэнтка з гэтым не згодная.

Па словах Пракопчык, пад час пандэміі COVID-19 яна перастала наведваць заняткі ў сувязі з парушэннем, на яе думку, права на ахову жыцця і здароўя падчас адукацыйнага працэсу, гарантуемага любому студэнту згодна дзеючага Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама Правілаў унутранага распарадку МДЛУ. Пропускі заняткаў сталі падставай для вынясення ёй спагнання, а затым і адлічэння з МДЛУ.

Выкажы пазіцыю, падпішы зварот за аднаўленне на вучобе студэнткі!

Патрабуем аднавіць Лізавету Пракопчык ў якасці студэнткі 4 курса дзённай вочнай формы навучання факультэта нямецкай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (МДЛУ).

Праваабаронцы "Вясны" таксама апавясцілі Спецыяльную дакладчыцу ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын аб сітуацыі з выключэннем студэнткі 4-га курса Лізаветы Пракопчык з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Крыніца: Наталля Манькоўская пра петыцыю ў абарону студэнткі МДЛУ: Нельга караць за грамадзянскую пазіцыю