Кампанія дапамогі беларускім лекарам ByCovid19 пачынае пошук псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў-валанцёраў, якія гатовыя працаваць на гарачай лініі для медыкаў, піша "Радыё Свабоды". Медыкі перавозяць у адмысловым боксе хворага на COVID-19, Беларусь / Reuters

«Сёння медперсанал увесь час знаходзіцца ў крытычнай сітуацыі, барацьба з COVID-19 даецца вельмі нялёгка. Мы пастаянна атрымліваем просьбы псіхалагічнай падтрымкі ў гэтай сітуацыі, і дзякуючы нашым партнёрам з'явілася магчымасць арганізаваць гарачую лінію псіхалагічнай падтрымкі для лекараў», — адзначае адзін з ініцыятараў кампаніі праваабаронца "Вясны" Андрэй Стрыжак.

Паводле ягоных словаў, для ахвотных дапамагчы прадугледжаны гнуткі графік, да 5 гадзін занятасці штодзень. Канец прыёму і разгляду заявак — 27 красавіка. На наступны дзень апоўдні трэнер Ігар Ільюкевіч правядзе навучальны трэнінг.

Заяўкі на аказанне псіхалагічнай падтрымкі можна пасылаць сюды.

Дадатковая інфармацыя для тых, хто шукае дапамогі, і хто хоча дапамагчы, на сайце ініцыятывы.

Крыніца: Кампанія ByCovid19 запускае службу псіхалагічнай падтрымкі медыкаў