Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org Праваабарончы цэнтр “Вясна” далучыўся да “Прынцыпаў дзейнасці праваабаронцаў Беларусі”. Як паведаміў старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, адпаведнае рашэнне было прынятае на паседжанні Рады 4 верасня.

Прынцыпы выпрацоўваліся супольна прадстаўнікамі розных беларускіх праваабарончых арганізацый на працягу амаль двух гадоў. Ініцыятарам гэтай справы выступіў Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, каардынаваў працэс Беларускі дакументацыйны цэнтр, правёўшы шырокае абмеркаванне Прынцыпаў унутры праваабрончай супольнасці – дыскусіі праходзілі ў Мінску і рэгіёнах.

У выніку дакумент увабраў у сябе звод прафесійных і этычных правілаў, якія акрэсліваюць патрабаванні да праваабаронцы і яго дзейнасці, заснаваных на маральных крытэрыях і традыцыях праваабароны ў Беларусі, а таксама на міжнародных стандартах.

Прынцыпы, якія ўвайшлі ў дакумент, не рэгулююцца законам, абавязальніцтвамі перад органамі ўлады. Гэта тыя самаабмежаванні, з якімі арганізацыя і асобныя праваабронцы пагаджаюцца, будуць выконваць іх самастойна і добраахвотна.

Прынцыпы распаўсюджваюцца на ўзаемаадносіны праваабаронцаў паміж сабой, з ахвярамі парушэнняў правоў чалавека, з дзяржаўнымі органамі, з міжнароднымі арганізацыямі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, іншымі прафесійнымі супольнасцямі, сродкамі масавай інфармацыі.

У працэсе выпрацоўкі Прынцыпаў актыўны удзел прымалі і прадстаўнікі “Вясны”. 

“Шэраг прынцыпаў, якімі сёння кіруюцца праваабронцы розных краін свету, былі сфармуляваныя і закладзеныя ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, міжнародных пактах і іншых дакументах, - адзначыў Валянцін Стэфановіч.  – У распрацаваных намі прынцыпах, да якіх далучылася ў тым ліку “Вясна”, мы дэкларуем, што ў сваёй дзейнасці будзем абапірацца ў тым ліку на маральныя крытэры і традыцыі праваабрончай дзейнасці ў Беларусі. Адным з нашых прынцыпаў з’яўляецца ўніверсальнасць правоў чалавека, што азначае, што мы прызнаем і абараняем кожнага без выключення і дыскрымінацыі па якіх бы та ні было прыкметах, як напрыклад, расы, колеру скуры, полу, сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасці, мовы, рэлігіі, палітычных і іншых перакананняў, нацыянальнага або сацыяльнага паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння ці іншых абставінаў. Праваабаронца не можа дапускаць расісцкія, гамафобныяі і іншыя прыніжаючыя выказванні, рознага роду дыскрымінацыю, выступаць за смяротнае пакаранне і гэтак далей”.

Праваабаронца лічыць, што асабліва важна гэта зараз, калі ўрады асобных краінаў спрабуюць перагледзець прынцып універсальнасці правоў чалавека і знайсці апраўданні для іх парушэння, часам апелюючы да культурнага рэлятывізму.

“Я лічу, што далучэнне да “Прынцыпаў дзейнасці праваабронцаў Беларусі” вельмі важна яшчэ і таму, што сведчыць пра спеласць, прафесіяналізацыю, дэпалітызацыю праваабрончай дзейнасці ў нашай краіне. Бо ёсць і пэўны канфлікт інтарэсаў, пры якім праваабронцы не павінны выкарыстоўваць сваю праваабрончую дзейнасць у палітычнай сферы, не быць ангажаванымі ў тую ці іншую палітчыную партыю, мэта якой – прыход да ўлады. Праваабаронцы на тое і праваабронцы, што яны кіруюцца сваімі прынцыпамі і падыходамі, і ставяць абарону правоў чалавека перад усім”.

Кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі, абвяшчаючы пра далучэнне да дакумента, выказаў спадзяванне, што “Прынцыпы, якія ўтрымліваюць шмат слушных і карысных думак і фармулёвак, паспрыяюць у тым ліку большай кансалідацыі беларускай праваабарончай супольнасці”.

На дадзены момант да Прынцыпаў далучыліся ПЦ “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя жарналістаў, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Праваабарончы рух “Наша Беларусь”, Рух “Маці 328”, ПЦ “Прававая дапамога насельніцтву”, Ініцыятыўная група “Ідэнтычнасць і права”, Беларускі ПЭН-Цэнтр.

Дакумент адкрыты для далучэння як для праваабарончыях арганізацый, так і для праваабаронцаў у індывідуальнай якасці.

Крыніца: "З'яўленне Прынцыпаў дзейнасці праваабаронцаў сведчыць пра прафесіяналізацыю супольнасці"