У панядзелак, 11 траўня, у судзе Першамайскага раёна г. Мінска чакаюцца суды над затрыманымі актывістамі "Моладзевага блоку" Данілам Лаўрэцкім і Лізай Пракопчык, якіх затрымалі 9 траўня. Да суда яны былі пад вартай у ЦІП.  Як паведаміла "Вясне" Дар'я Рублеўская, суд над актывістамі "Моладзевага блоку" Данілам Лаўрэцкім і Лізай Пракопчык будзе адбывацца праз відэасувязь Skype. 

blok_sud.jpg
Сябры затрыманых каля суду. Фота: Пётр Маркелаў / belsat.eu

Таксама 9 траўня міліцыя затрымлівала актывістаў "Моладзевага блоку" Міхася Варанцова і Вераніку Яновіч. Увечары іх адпусцілі. 

Нагадаем, 8 траўня "Моладзевы блок" зладзіў акцыю з труной падчас генеральнай рэпетыцыі параду. Міхась Варанцоў здымаў акцыю на відэакамеру, але не ўдзельнічаў у ёй. Актывісты праз сваю акцыю хацелі звярнуць увагу на небяспеку наведвання масавых імпрэзаў у Дзень Перамогі ў Мінску.

Крыніца: Актывістаў «Моладзевага блоку» будуць судзіць праз Skype