Актывіст незалежнага прафсаюза РЭП Ігар Комлік з 2 жніўня знаходзіцца за кратамі: спачатку ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, затым у СІЗА на Валадарскага. Пасля ператрусаў на офісе прафсаюзаў і па месцы жыхарства кіраўніка РЭП Генадзя Фядыніча, Ігара Комліка і Наталлі Пічужкінай адбыліся допыты ў межах крымінальнай справы аб нявыплаце падаткаў. Генадзь Фядыніч быў вызвалены, а Ігар Комлік застаецца на час следства пад вартай.
Што за чалавек такі, гэты Ігар Комлік, чаму праваабарончая супольнасць прызнала яго палітвязнем? Інфармацыі пра яго сапраўды небагата. Але першае, што кідаецца ў вочы на старонцы Комліка ў фэйсбуку – безліч фотаздымкаў лілеяў, вяргіняў, гладзіволусаў, астраў ды іншых кветак. Сын прафсаюзнага актывіста Андрэй Комлік-Ямацін распавёў пра бацькавае кветкавае захапленне, а таксама ўзгадаў некаторыя эпізоды працоўнага шляху і сямейнага жыцця бацькі.
Тата нарадзіўся ў Менску, ягоныя бацькі былі вельмі працавітымі, усё жыццё разам на заводзе, на Трактарным, здаецца. Дзед па-бацьку быў з дзіцячага дома, пачаў працаваць з малых гадоў. І нават на пенсіі ніколі не сядзеў без справы.
Так і бацька, пасля школы пайшоў на працу, а паралельна вучыўся на інжынера ў Політэхнічным інстытуце, стаў чарцёжнікам, потым інжынерам у вытворчым аб’яднанні дакладнага машынабудавання «Планар». З часам перайшоў у канструктарскае бюро, а паралельна пачаў займацца прафсаюзнай дзейнасцю, спачатку ў сябе ў аддзеле, потым вышэй і вышэй, пакуль нарэшце не аддаўся цалкам прафсаюзнай працы на “Планары”.
Чаму ён абраў гэты шлях? Ды таму, што ўсё жыццё яго цягнула да грамадскай дзейнасці, ён імкуўся да справядлівасці, лічыў і лічыць, што чалавек павінен быць свабодным, абароненым ў сваіх правах. Ён хацеў рабіць і рабіў людзям лепей, дапамагаў ім. Там, на “Планары”, ён пазнаёміўся з Генадзем Фядынічам, які на той час з’яўляўся старшынёй прафсаюзнай арганізацыі, а бацька ягоным намеснікам. І вось зараз, яшчэ з тых дзевяностых гадоў, яны разам крочаць па жыцці. І маці мая, Святлана Васільеўна, і бацька, і Генадзь Фёдаравіч – усе добра адзін аднаго ведаюць і сябруюць шмат год.
Бацька заўжды імкнуўся да нечага новага, да удасканальвання, нават да перфекцыянізму. Відаць таму атрымаў яшчэ і юрыдычную адукацыю, завочна скончыў юрыдычны факультэт МІТСО, каб больш прафесійна займацца прафсаюзнай дзейнасцю, быць падкаваным у шматлікіх прававых пытаннях.
Ігар Комлік шмат працаваў, сумяшчаючы фінансавыя клопаты арганізацыі з прафсаюзнымі справамі, паколькі быў абраны старшынёй Мінскай гарадской пярвічнай арганізацыі РЭП, цалкам аддаючы сябе абароне правоў працоўных. Часам браў шмат працы дадому, сядзеў дапазна за дакументамі. Ці заставаўся ў яго час на сям’ю, на выхаванне сына? Андрэй кажа, што так.
Бацька заўжды знаходзіў час, каб дапамагчы маці па гаспадарцы. Такога не было, каб ён жыў толькі адной працай. А яшчэ ў нас ёсць лецішча, дзе тата таксама шмат рупіўся, паколькі ён – чалавек справы, майстаравіты… Адтуль і захапленне кветкамі, якія яны з маці вырошчваюць на дачных сотках. Таксама вырошчваюць і садавіну, і гародніну. Сёлета вось запланавалі зрабіць перапланіроўку дамка, і праца пачалася б, каб бацьку не затрымалі. Хацелі і дрэвы новыя пасадзіць, і клумбы новыя.
Прыгадваю адзін выпадак, які застаўся ў памяці яшчэ з дзяцінства. Ма неяк разам ішлі на лецішча, самаходзіка тады ў нас не было, а тата рукамі на паходнай торбе выстукваў мелодыю песні пра барабаншчыка і пры гэтым спяваў. Вось так мы ішлі дарогаю шчаслівыя і маршыравалі.
Ён вельмі справядлівы, нацыянальна свядомы, адстойвае праўду ва ўсім. Бацька і мне змог прывіць імкненне да справядлівасці, да ўдасканальвання свету і сябе, любоў да радзімы, Беларусі, павагу да чалавека і ягоных правоў. Шмат чаго з гэтага ў мяне ад бацькі.
Ігара Комліка разам з Генадзем Фядынічам вінавяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Прынамсі, такое абвінавачванне вылучыў Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК па Мінскай вобласці і Мінску. Гэтае недарэчнае абвінавачванне ў нажыве выклікае ў Андрэя адно толькі – крыху самотную ўсмешку.
У ранейшыя гады, калі я быў яшчэ малым, у дзевяностыя, ды і ў двухтысячныя таксама, жылі мы складана, асаблівага дастатку не было. З’явіліся цяжкасці з працай у бацькоў, а ўсё з-за таго, што пасля распаду СССР нашая радыёэлектронная прамысловасць прышла ў заняпад ды яшчэ і зараз ніяк не падымецца. Не было такога, каб жылі заможна.
Нашая кватэра, у якой жыву зараз я з сынамі, і бацькі жывуць – гэта фактычна засталося ў спадчыну ад дзядулі. Аўтамабіль «Жыгулі», на якім я да апошняга часу ездзіў, а да мяне карыстаўся бацька, ледзь не старэйшы за мяне – таксама дзядулін. Бацькі за ўсё жыццё толькі нядаўна здолелі накапіць на больш новы легкавік, ды яшчэ дадавалі нават дзядуліныя грошы, што засталіся пасля яго, бо сваіх не хапала. Бацька ўвесь час працаваў сумленна, ніколі нідзе не краў і не браў, заўжды разлічваў толькі на сябе, рэдка да каго звяртаўся па дапамогу, ды яшчэ і сам імкнуўся дапамагчы родным. Усё, што ў нас ёсць у хаце і на лецішчы, усё што пасаджана і расце – гэта ўсё фактычна ягоная праца.
Андрэй распавядае, што бацька зараз адчувае падтрымку многіх людзей, ён піша з СІЗА, што шмат лістоў атрымлівае, і не толькі ад знаёмых, а таксама ад розных, нават невядомых, людзей.
Ён неяк напісаў, каб мы лічылі, што ён зараз проста на вайсковых зборах. А нас з маці таксама падтрымліваюць і блізкія, і знаёмыя, усе разумеюць, што справа гэтая надуманая, а навошта гэта робіцца – усе таксама добра разумеюць…
Крыніца: Сын палітвязня Ігара Комліка: У мяне шмат чаго ад бацькі Відэа