Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, 15 верасня суд Партызанскага раёна разгледзеў скаргу Ігара Комліка на меру стрымання - пад вартай. У скарзе ён прасіў змяніць меру стрымання, бо лічыць што яна ўжыта да яго безпадстаўна і ва ўтрыманні яго пад вартай падчас следства няма неабходнасці.
Суддзя Наталля Дзядкова вырашыла, што мера стрымання выбрана законна і абгрунтава, бо Ігар Комлік абвінавачваецца ў цяжкім злачынстве. Яна пакінула рашэнне намесніка генеральнага пракурора без зменаў, а скаргу без задавальнення. У суд абвінавачаемага не дастаўлялі.
Абаронца Ігара Комліка накіравала скаргу ў Мінгарсуд на рашэнне суда Партызанскага раёна, які прызначыў яе разгляд на 19 верасня.
Ігар Комлік знаходзіцца пад вартай ужо больш за месяц.
Нагадаем, 2 жніўня 2017 года супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі правялі ператрус і канфіскацыю кампутараў і фінансавых дакументаў у офісе прафсаюза РЭП і цэнтральнага офіса БНП. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгалтар Ігар Комлік. Г. Фядыніч быў дапытаны і адпушчаны, а Ігар Комлік заставаўся пад вартай.
Праваабарончыя арганізацыі Беларусі 3 жніўня заявілі, што лічаць Ігара Комліка палітвязнем. Паводле праваабаронцаў, распачатая супраць прафсаюзных лідараў крымінальная справа палітычна матываваная, звязаная з актыўнай прафсаюзнай дзейнасцю і мірным ажыццяўленьнем права на свабоду асацыяцыяў.
У падтымку прафсаюзных лідараў выступілі Глабальны саюз IndustriALL і Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, якія заклікалі ўлады Беларусі спыніць пераслед Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
Акрамя таго, з сумеснай заявай выступілі Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), якія таксама заклікалі беларускі ўрад зняць усе абвінавачванні з Ігара Комліка і спыніць крымінальны пераслед лідараў прафсаюзных арганізацый за іх мірную дзейнасць.
Крыніца: Ігар Комлік аскардзіў меру стрымання, аднак яго ўсё адно пакінулі пад вартай