З 11 па 16 верасня ў Харкаве прайшоў фестываль даступнасці “ІнклюзіON”. У гэтым годзе асноўнай тэмай фестывалю стала даступнасць аб’ектаў культуры для усіх катэгорый насельніцтва.
Другі год запар у межах кампаніі “Праваабаронцы Беларусі і Украіны разам дзеля абароны грамадскіх інтарэсаў” Праваабарончы цэнтр “Вясна” прымае непасрэдны ўдзел у правядзенні фестывалю. Акрамя таго ў каманду “ІнклюзіON” увайшоў шэраг грамадскіх арганізацый Харкава, сярод якіх Харкаўская абласная фундацыя “Грамадская Альтэрнатыва”, “Дитяча площадка”, Encaunter, цэнтр “Ладо”, Харкаўская грамадская арганізацыя невідушчых юрыстаў ды іншыя ініцыятывы.
Падчас фестывалю эксперты з іншых гарадоў Украіны, Польшчы і Беларусі прынялі ўдзел у тэматычных семінарах для супрацоўнікаў музеяў, у шматлікіх лекцыях для студэнтаў і выкладчыкаў навучальных устаноў, а таксама правялі сустрэчы з прадстаўнікамі музеяў, цэнтру турызму і розных грамадскіх арганізацый па пытаннях даступнасці музейнага асяроддзя і інклюзіўнага турызму.
Праблемы даступнасці культурных устаноў горада разглядаліся як у звыклым сэнсе (то бок даступнасці з пункту гледжання таго, як да іх патрапіць, наяўнасці пандусаў і г.д), так і ў больш шырокім сэнсе - як неабходнасці абсталявання музеяў аўдыёгідамі, якія змаглі б даць магчымасць невідушчым людзям пачуць усё, што датычыцца экспанатаў, і спецыяльнымі прыстасаваннямі для людзей з праблемамі слыху. У гэтым кантэксце вельмі карысным быў польскі досвед, якім падзяліўся эксперт па даступнасці музейнай прасторы Войцэх Кулеша. На лекцыі “Інклюзіўнасць у музейнай працы” ў Акадэміі культуры ён распавёў пра шматлікія тэхнічныя магчымасці, якія дазваляюць усім наведвальнікам, у тым ліку людзям з інваліднасцю, атрымаць максімальна магчымы доступ да культурнага жыцця.
- Войцэх Кулеша (з правага боку)
Таксама, дзякуючы падтрымцы ПЦ “Вясна”, экспертка ў галіне інклюзіўнага турызма мінскага “Офісу па правах людзей з інваліднасцю” Наталля Барысенка-Клепач правяла адмысловую лекцыю ва Універсітэце гарадской гаспадаркі. Беларускім досведам у галіне інклюзіўнага турызма былі вельмі зацікаўлены не толькі харкаўскія студэнты і выкладчыкі, якія наведалі лекцыю, але і прадстаўнікі гарадскіх структур, якія займаюцца развіццём турызму ў Харкаве і вобласці. Перш за ўсё харкаўчан цікавіла, з якімі складанасцямі сутыкаюцца выканаўцы пры рэалізацыі праектаў інклюзіўнага турызма, якім чынам можна далучыць прадстаўнікоў мэтавых груп, найперш людзей з інваліднасцю, да распрацоўкі і тэставання інклюзіўных турыстычных маршрутаў, якія эканамічныя аспекты рэалізацыі падобных праектаў.
- Лекцыя Наталлі Барысенкі-Клепач
“Чырвонай ніццю праз усе выступы экспертаў праходзіла думка аб тым, што ўсе установы, як культурныя, так і турыстычныя, павінны распрацоўвацца і мадэрнізавацца такім чынам, каб быць даступнымі для ўсіх катэгорый грамадзян. І гэта не толькі пра людзей з інваліднасцю. Гэта пра ўсіх тых, хто мае асаблівыя патрэбы: пра людзей сталага ўзросту, бацькоў з дзецьмі, раварыстаў, людзей, якія не валодаюць мясцовай мовай і г.д. Трэба памятаць, што паняцце інклюзіі тычыцца абсалютна кожнага грамадзяніна”,- дзеліцца сваімі ўражаннямі ўдзельнік фестывалю, юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алег Пашкевіч.
Таксама у межах кампаніі “Праваабаронцы Беларусі і Украіны разам дзеля абароны грамадскіх інтарэсаў” у Харкаве былі праведзены сустрэча з пісьменнікам і сцэнарыстам Аляксандрам Ірванцом, лекцыі "Стратэгічныя судовыя цяжбы супраць дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці" ў Нацыянальным юрыдычным універсітэце, "Даступнасць музеяў як сацыяльная праблема" і "Інклюзія ў медыя ў пытаннях і адказах" у Харкаўскім нацыянальным універсітэце, прэс-тур “Тэстуем даступнасць музеяў”, гарадскі квэст “Тэст-драйв даступнасці культуры” ды іншыя мерапрыемствы.
Крыніца: У Харкаве прайшоў другі фестываль даступнасці “ІнклюзіON” з удзелам беларускіх праваабаронцаў