Вострым праблемам, з якімі працуюць праваабаронцы ў постсавецкім рэгіёне, прысвечаны асобныя паралельныя мерапрыемствы ў межах Нарады па чалавечым вымярэнні АБСЕ, якая праходзіць у Варшаве. На розных пляцоўках да міжнароднай супольнасці даводзіцца праблема ціску на адвакатаў і палітычна матываваны пераслед розных групаў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
"Небяспека гаварыць - апошнія тэндэнцыі на пост-савецкай прасторы" – сайд-івент пад такой назвай 19 верасня арганізавала IPHR (Міжнароднае партнёрства па правах чалавека), сабраўшы праваабаронцаў з Беларусі, Малдовы, Казахстана, Кыргызстана і Арменіі. Ад нашай краіны ў мерапрыемстве брала ўдзел Таццяна Рэвяка, прэзідэнт Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава і сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Па выніках яна адзначыла, што ўсе праблемы, пра якія казалі калегі з іншых краінаў, актуальныя для Беларусі.
“Яўген Жоўціс з Казахстанскага міжнароднага бюро па правах чалавека і захаванні законнасці ў сваім выступе казаў пра такую тэндэнцыю: у краінах, дзе адсутнічае палітычная апазіцыя (знішчаная, маргіналізаваная ці не паспела сфармавацца), удар улады накіроўваюць на грамадзянскую супольнасць - грамадскіх актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў, блогераў, незалежныя прафсаюзы. Як бачым, гэта падыхозіць і для Беларусі”, - кажа Таццяна Рэвяка.
“Таксама высветлілася, што апошнім часам у Арменіі і Малдове вельмі ўзмацніўся ціск на адвакатаў, якія абараняюць асобаў па палітычна матываваных справах і справах, датычных правоў чалавека. Там няма выпадкаў пазбаўлення ліцэнзій, што мы назіраем у Беларусі, але ў Малдове даходзіць нават да ўзбуджэння крымінальных справаў супраць адвакатаў. Агульная тэндэнцыя ў гэтых краінах – атаясамленне адвакатаў з іх падабароннымі”.
У сваім выступе Таццяна Рэвяка прадставіла «хроніку бягучых падзеяў» у Беларусі. Казала, што на пачатку тыдня суд адмовіў у задавальненні пазову 12 беларускіх праваабаронцаў з патрабаваннем абавязаць МУС краіны скараціць тэрмін высылкі з краіны кіраўніцы Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Алены Танкачовай. Што тыдзень таму Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі адвакатку Ганну Бахціну, якая абараняла абвінавачаных па палітычна матываваных справах і справах, звязаных з абаронай правоў чалавека. Казала пра палітычна матываваны крымінальны пераслед прадстаўнікоў незалежнага прафсаюза РЭП і наяўнасць трох палітычных вязняў – прадстаўніка незалежнага прафсаюза Ігара Комліка, сацыяльнага актывіста Дзмітрыя Паліенку і актывіста праваабарончай арганізацыі Міхаіла Жамчужнага. Казала пра масавыя пратэсты ў першай палове бягучага году на фоне пагаршэння эканамічнай сітуацыі, якія пацягнулі за сабой узмацненне рэпрэсій супраць актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў.
“Сёлета споўнілася шэсць гадоў з моманту апублікавання дакладу, падрыхтаванага Дакладчыкам АБСЕ па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў рамках Маскоўскага механізму. Гэты даклад складаўся не толькі з якаснага аналізу крызісу ў сферы правоў чалавека, які пачаўся ў канцы 2010 года, але і ўтрымліваў шэраг найважнейшых рэкамендацый па выхадзе з крызісу і скіраваных на сістэмныя змены, якія гарантавалі б немагчымасць паўтарэння падобных крызісных сітуацый, - нагадала ўдзельнікам сайд-івенту Таццяна Рэвяка. - На жаль, большасць рэкамендацый, як кароткатэрміновых, так і скіраваных на сістэмныя змены, засталіся нявыкананымі. Цалкам захаваныя ўсе рэпрэсіўныя інструменты, якія прыводзяцца ў дзеянне ў моманты палітычнай мэтазгоднасці”.
Праваабаронца заўважыла, што мерапрыемтсва выклікала вялікую цікавасць публікі. Яго наведалі нават прадстаўнікі афіцыйных дэлегацый Арменіі і Кыргызстану, якія спрабавалі парыраваць выступы панэлістаў. У той жа час жонка праваабаронцы-палітвязня Азімжана Аскарава, асуджанага ў Кыргызстане да пажыццёвага зняволення, падзякавала ўсім за пільную ўвагу да лёсу яе мужа і іх сям’і.
20 верасня праваабаронцы працягваюць казаць пра вострыя праблемы. На сайд-івенце пад назвай "Адвакатам таксама патрэбная юрыдычная абарона: юрысты-праваабаронцы, якія працуюць у складаных умовах" прадстаўнікі няўрадавых арганізацый Казахстана, Крыма, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана будуць абмяркоўваюць важнасць працы адвакатаў ва ўмовах застрашэння, перашкодаў, умяшальніцтва дзяржавы ў іх працу. У гэтым рэчышчы пра сітуацыю ў Беларусі распавядзе Вольга Саламатава, прадстаўніца Хельсінкскага фонду па правах чалавека, які з’яўляецца адным з арганізатараў мерапрыемства. Чакаецца, што агульнымі намаганнямі на пляцоўках Нарады па чалавечым вымярэнні АБСЕ будуць выпрацаваны рэкамендацыі міжнароднай супольнасці па паляпшэнні механізмаў абароны адвакатаў і захавання незалежнасці адвакатуры ў цэлым.
Крыніца: Пераслед грамадзянскай супольнасці і ціск на адвакатаў - пытанні канферэнцыі АБСЕ