Праваабаронца Таццяна Рэвяка распавядае сайту palitviazni.info пра тое, як “прэсуюць” палітвязня Міхаіла Жамчужнага.
“На мой погляд, такія сцэнары ціску на палітзняволеных рыхтуюцца на больш высокім узроўні, таму што гэта распаўсюджваецца не на адну калонію, – кажа праваабаронца. – Такая практыка маецца ў многіх месцах пазбаўлення волі. Гэта тактыка з дакладнымі мэтамі…”
Як ужо паведамляў Праваабарончы цэнтр “Вясна”, пасля пераводу ў калонію ў Горках палітвязень Міхаіл Жамчужны ўжо чатыры разы быў змешчаны ў штрафны ізалятар – на 5, 10 (пазней тэрмін быў скарочаны да 7 сутак), 10 і 7 сутак.
Такім чынам, агулам з пачатку жніўня ён правёў у ШІЗА 29 сутак. Пасля выхаду з ізалятара Міхаілу Жамчужнаму было вынесена чарговае спагнанне – адзін месяц змяшчэння ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Тэрмін змяшчэння ў ПКТ заканчваецца 4 кастрычніка.
– На ваш погляд, чаму на Жамчужнага пайшоў такі ціск з боку адміністрацыі калоніі? Спачатку, здаецца, сітуацыя была нармальная…
– Нармальнай сітуацыя была толькі першы месяц знаходжання Міхаіла ў калоніі ў Горках. У гэты час, як кажуць, бакі адзін да аднаго прыглядаліся. Пасля пайшлі правакацыі. У першую чаргу яны будаваліся на нефармальных адносінах, якія дазваляюць ставіць зняволенага ў вельмі прыніжальнае становішча. Гэта пачалося яшчэ ў Ваўкавыску і працягнулася ў Горках.
– Таму Жамчужны і не выходзіць з ШІЗА і ПКТ?
– Так. Яго спрабавалі перавесці ў атрад для людзей з так званым нізкім крымінальным статусам. Міхаіл адмаўляўся туды ісці, за непадпарадкаванне яго адпраўлялі ў ШІЗА. Чалавек выходзіў, пасля чаго ізноў атрымліваў загад ісці ў той самы атрад. Ізноў адмаўляўся – ізноў пакаранне праз ШІЗА… А зараз далі і месяц змяшчэння ў памяшканне крытага тыпу. І выглядае на тое, што пасля выхаду з ПКТ Жамчужнага могуць перавесці на турэмны рэжым зняволення.
– Што ў такой сітуацыі могуць зрабіць для Міхаіла Жамчужнага праваабаронцы і іншыя прадстаўнікі грамадскасці?
– Перш за ўсё пра сітуацыю трэба інфармаваць грамадскаць. Да таго ж, варта пісаць скаргі ў Дэпартамент выканання пакаранняў, бо тыя праблемы, што адбываюцца з Міхаілам Жамчужным, ёсць і з іншымі палітвязнямі. Такая практыка пачалася, напэўна, пасля 2010 году, бо раней ў дачыненні да палітвязняў не асабліва выкарыстоўваліся метады ціску праз зняволеных і стварэнне такіх прыніжальных умоў.
Зараз лёс Міхаіла Жамчужнага цалкам залежыць ад таго, як будзе сябе паводзіць адміністрацыя калоніі. Таму, натуральна, будзем звяртацца ў Дэпартамент выканання пакаранняў і выкарыстоўваць усе законныя сродкі, каб выпраўляць сітуцыю. Не выключана таксама, што звернемся ў Рэспубліканскую камісію па кантролі за выкананнем заканадаўства ў месцах пазбаўлення волі, якая займаецца маніторынгам. Менавіта ў гэтую камісію адносна не так даўно быў уключаны старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак, таму будзем спрабаваць усе метады. Не ведаю, што спрацуе, але трэба спрабаваць нешта рабіць, каб не пакідаць чалавека сам насам са сваёй праблемай.
– Наколькі вядома, Міхаіла Жамчужнага, які і так знаходзіцца ў ізаляцыі, вырашылі ізаляваць яшчэ больш…
– Калі яму прыходзяць лісты з волі, то іх аддаюць без канвертаў, а, суадносна, без зваротных адрасоў. Таму Міхаіл не можа нікому напісаць лісты ў адказ. Як бачым, ён зараз знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі!
– Чалавеку ў такой сітуацыі не пазайздросціш, бо ён становіцца безабаронным…
– Тэндэнцыя выкарыстання прыніжальных спосабаў ціску, якія відавочна адбываюцца па ініцыятыве адміністрацыі калоніі, але робяцца рукамі зняволеных, вельмі ганебная і пра гэта трэба гучна заяўляць. Гэтая ініцыятыва накіравана на падаўленне асобы. Яна распаўсюдзілася на іншых палітвязняў і нагадвае новую тактыку ціску, якую ўлады пачалі выкрыстоўваць і распаўсюджваць на “палітычных”.
Напрыклад, не так даўно яшчэ аднаго палітвязня Зміцера Паліенку накіроўвалі мыць прыбіральню. У месцах пазбаўлення волі свае законы, і зняволеныя там разумеюць, што, калі яны гэта зробяць, значыцца атрымаюць прыніжальны статус, з імі ніхто не будзе кантактаваць.
– Як мяркуеце, такі ціск на палітвязняў – гэта асабістая ініцыятыва кіраўніцтва калоній ці ёсць загад зверху?
– На мой погляд, такія сцэнары ціску рыхтуюцца на больш высокім узроўні, таму што гэта распаўсюджваецца не на адну калонію. Гэта практыка, якая паказала сябе ў многіх месцах пазбаўлення волі. Тактыка з дакладнымі мэтамі. Я думаю, што адміністрацыям калоній гэта не вельмі і патрэбна. Але сёння маем тое, што маем. Улічваючы распаўсюджаны характар з’явы, мне падаецца, што адміністрацыі выконваюць загады.
Крыніца: Таццяна Рэвяка: Жамчужнага могуць перавесці ў турму