Актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў накіраваў касацыйную скаргу на рашэнне суду Цэнтральнага раёна Мінска, які не задаволіў пазоў анархіста па абароне гонару і годнасці. Касінераў просіць адмяніць папярэдняе і прыняць новае рашэнне па справе.
Улетку Вячаслаў Касінераў звярнуўся ў суд з пазовам супраць кіраўніка ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандра Барсукова і вядоўцы тэлеканала АНТ Кацярыны Цішкевіч, а таксама іх наймальнікаў — тэлеканала і МУС. Касінераў палічыў абразай для сябе наступныя словы Барсукова ў эфіры АНТ: "Гэта просты хуліган, на якім кляйма няма дзе ставіць, па вялікім рахунку... Тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства, тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і за псаванне маёмасці".
Але на момант выхаду тэлесюжэту Касінераў прыцягваўся да крымінальнай адказнасці толькі аднойчы па вядомай "справе графіцістаў". І судзілі яго тады за псаванне маёмасці, а не за хуліганства.
На судовым паседжанні, якое адбылося 17 жніўня, суддзя падтрымаў пазіцыю адказчыкаў ад МУС, якія сцвярджалі, што імя Касінерава ў тэлесюжэце не згадваецца, і, адпаведна, ідэнтыфікаваць яго немагчыма. На гэтай падставе суд адмовіў Касінераву ў задавальненні пазову па абабароне гонару і годнасці і спагнанні маральнай шкоды.
Актывіст лічыць такое рашэнне незаконным і неабгрунтаваным і таму з дапамогай Праваабарончага цэнтру “Вясна” накіраваў касацыйную скаргу на дадзеная рашэнне.
У скарзе Касінераў нагадвае пра тое, як прадстаўнікі адказчыка сцвярджалі, што распаўсюджаныя Барсуковым звесткі не дазваляюць ідэнтыфікаваць асобу пазоўніка. Але пры гэтым сам Барсукоў у сваім пярэчанні на іскавую заяву прызнаў, што распаўсюдзіў звесткі менавіта пра Касінерава. Такім чынам, пазіцыя Барсукова разыходзіцца за пазіцыяй прадстаўнікоў двух адказчыкаў ад МУС і тэлебачання. Суд пакінуў дадзены факт без увагі. Таксама суд не даў адказу, да каго ж, калі не да пазоўніка, адносяцца звесткі пра наяўнасць “трох судзімасцяў за хуліганства і трох за псаванне маёмасці”.
Юрыст ПЦ “Вясна” Аляксей Лойка лічыць, што прадстаўленыя ў судзе доказы яскрава дэманструюць тое, што распаўсюджаныя Барсуковым звесткі тычыліся менавіта Касінерава і дакладна абражаюць яго гонар і годнасць.
“Паводле Пастановы Пленума Вярхоўнага суда ад 23 снежня 1999 г. №15 "Аб практыцы разгляду судамі грамадзянскіх спраў аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі” і норме ст.153 ГК РБ падставай для пазоваў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі з’яўляюцца тры ўмовы: наяўнасць факту распаўсюду звестак у дачыненні да асобы, якая падае пазоў, неадпаведнасць распаўсюджаных звестак рэчаіснасці і ганебны характар гэтых звестак. Наяўнасць факту распаўсюджвання ў нашым выпадку ні ў каго не выклікае сумневу. Таксама ні адзін з адказчыкаў не прадставіў судовых прысудаў аб прыцягненні пазоўніка тры разы да крымінальнай адказнасці за хуліганства і тры разы да крымінальнай адказнасці за псаванне маёмасці. Адпаведна, звесткі аб судзімасці пазоўніка не адпавядаюць рэчаіснасці. Ну і ганебны характар распаўсюджаных звестак палягае з таго, што звесткі носяць абвінаваўчы характар у дачыненні да істца і пацвярджаюцца словамі Барсукова аб тым, што колькасць судзімасцяў «напэўна, неяк ужо характарызуе вышэй названага грамадзяніна». Такім чынам, заяўленыя іскавыя патрабаванні адпавядаюць усім неабходным умовам”, - адзначае юрыст.
Нагадаем, падставай для відэасюжэту “Хуліган-анархіст, які апаганіў скульптуру гарадавога ў Мінску, застанецца ў СІЗА да рашэння суда” стаў праведзены Вячаславам Касінеравым перфоманс каля будынку МУС. Падчас яго актывіст накінуў пятлю на ўсталяваную там статую паліцэйскага-гарадавога, выказаўшы такім чынам свой пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. За гэты ўчынак Касінераў быў абвінавачаны ў хуліганстве (ч. 1 арт. 339 КК РБ) і затым пакараны штрафам памерам 5 базавых велічынь.
Крыніца: Вячаслаў Касінераў абскарджвае адмову суда абараніць яго гонар і годнасць