22 верасня суд Завадскога раёна Мінска разгледзеў дзве адміністрацыйныя справы супраць сацыяльнага актывіста Рамана Халілава. Яго вінавацілі ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП) і ў непадпарадкаванні законнаму патрабаванню службовай асобы (арт 23.4 КаАП РБ).
На пяпярэднім паседжанні, якое адбылося 11 верасня, суддзя Алена Някрасава адправіла пратакол правапарушэння на дапрацоўку, паколькі палічыла, што ён не ўтрымлівае сведчанняў супрацоўнікаў міліцыі, у бок якіх Раман Халілаў лаяўся, якім пагражаў і на чые заўвагі не рэагаваў, а прыкладзеныя пратаколы апытання сведкаў Беляк В. і Бруй В. малаінфарматыўныя.
21 верасня супрацоўнікі міліцыі ў чарговы раз затрымалі актывіста, адвезлі ў аддзяленне і склалі яшчэ адзін пратакол, на гэты раз за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы (арт 23.4 КаАП РБ), пасля чаго адпусцілі да суда дадому.
У выніку судовага паседжання 22 верасня суддзя вырашыла пакараць Халілава штрафам у 10 базавых па арт. 17.1 КоАП і 15 базавых па арт. 23.4 КаАП. Канчатковая сума штрафу для актывіста пасля частковага складання - 20 базавых велічынь.
Нагадаем, Халілава затрымалі яшчэ ў пятніцу, 8 верасня, каля 20:20 у пад'ездзе дома, у які ён заходзіў. Супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол правапарушэння, нібыта ён лаяўся матам, і адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе ён правёў выходныя.
Напярэдадні затрымання ў кватэры актывіста міліцыянты правялі вобшук і забралі ўсю тэхніку, а таксама асабістыя рэчы, прадметы адзення, літаратуру і грошы, прычым у ягоную адсутнасць. У кватэру запрасілі толькі суседку. Аднак копіі пратакола не пакінулі ні суседцы, ні Раману Халілаву.
Пры затрыманні яго непасрэдна ў пад’ездзе збівалі па нагах, галаве, жывату, білі галавою аб сцяну.
Крыніца: Актывіст Раман Халілаў аштрафаваны на 20 базавых велічынь Дапоўнена