Мінскі гарадскі суд разгледзеў касацыйную скаргу на рашэнне суда Партызанскага раёна аб змяненнні меры стрымання ў дачыненні да прафсаюзнага актывіста Ігара Комліка.
У выніку - скарга не задаволеная: палітвязень будзе і надалей утрымлівацца пад вартай, прынамсі, пакуль не завяршыцца следства па крымінальнай справе аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры ( ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу РБ).
Нагадаем, 15 верасня суд Партызанскага раёна разглядаў скаргу Ігара Комліка на меру стрымання - утрыманне пад вартай і пакінуў рашэнне Генпракуратуры без зменаў, а скаргу без задавальнення. У суд абвінавачаемага не дастаўлялі.
Ігар Комлік знаходзіцца пад вартай з 2 жніўня і ўтрымліваецца ў следчым ізалятары №1 Г. Мінска..
Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі 2 жніўня правялі ператрус і канфіскацыю кампутараў і фінансавых дакументаў у офісе прафсаюза РЭП і цэнтральнага офіса БНП. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгалтар Ігар Комлік. Генадзь Фядыніч быў дапытаны і адпушчаны да суда, а Ігара Комліка пакінулі пад вартай.
Праваабарончыя арганізацыі Беларусі 3 жніўня заявілі, што лічаць Ігара Комліка палітвязнем. Паводле праваабаронцаў, распачатая супраць прафсаюзных лідараў крымінальная справа палітычна матываваная, звязаная з актыўнай прафсаюзнай дзейнасцю і мірным ажыццяўленьнем права на свабоду асацыяцыяў.
Крыніца: Мінгарсуд не знайшоў падстаў для адмены рашэння па ўтрыманні пад вартай Ігара Комліка