7 верасня ў Брэсце ў клубе "Фантазія" адбыўся канцэрт "Рок за жыццё", арганізаваны ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання. Беларускія музыкі, якія выступалі ў падтрымку ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, сабралі больш за 300 чалавек.
У канцэрце ўзялі ўдзел гурты "Дай дарогу!", "Akute", ":B:N", "Haina", "Re1ikt", некаторыя ўдзельнікі з якіх апранулі адмысловыя цішоткі.
ПЦ "Вясна" прапануе ўсім жадаючым далучацца да Тыдня супраць смяротнага пакарання сваімі мерапрыемствамі і падтрымліваць нашыя - як наведваннем, так і ў сацыяльных сетках праз выкарыстанне хэштэгаў #DeathPenalty #AbolitionNow #Belarus#We4Life2017. Таксама спампоўвайце і раздрукоўвайце афішы Тыдня па спасылцы: http://bit.ly/2xPr91u
Нагадаем, першы Тыдзень супраць смяротнага пакарання Праваабарончы цэнтр “Вясна” правёў у 2013 годзе ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, якая распачалася ў 2009 годзе з мэтай спынення гэтага бесчалавечнага віду пакарання і далучэння нашай краіны да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. На жаль, Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.