Як стала вядома праваабаронцам, расійскі гісторык і філосаф з Расіі Пётр Рабаў, лекцыя якого была сарваная міліцыяй у Гродна, быў затрыманы ўвечары 10 кастрычніка. Ён збіраўся вярнуцца ў Расію, аднак верагодна не паспеў з'ехаць - быў затрыманы ў Баранавічах.
Ночь Пётр Рабаў правёў у ІЧУ Баранавічскага ГАУС, а сёння быў дастаўлены ў суд Баранавічскага раёна і г. Баранавічы. У чым яго вінавацяць пакуль невядома.
Нагадаем, 9 кастрычніка ў Гродна на сустрэчу з расійскім гісторыкам, філосафам і даследчыкам анархізму Пятром Рабавым брутальна ўварваліся супрацоўнікі міліцыі. Было затрымана каля 20 чалавек, у тым ліку і лектар. Бліжэй да 21 гадзіны людзей адпусцілі, аднак у памяшканні цэнтру быў праведзены ператрус і канфіскаваныя кнігі Пятра Рабава. Падставай для затрымання стала нібыта "несанкцыянаванае масавае мерапрыемства".