11 кастрычніка ў Бабруйску кіраўнік аддзелу аховы правапарадку падпалкоўнік Сяргей Рудзько прыйшоў у дзіцячае аддзяленьне гарадзкой інфэкцыйнай бальніцы, каб скласці пратакол на актывістку прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Галіну Лазараву, якая ляжыць там з малым дзіцём, паведамляе сайт незалежнага прафсаюзу РЭП.
Міліцыя вінаваціць Галіну Лазараву ва ўдзеле ў пікеце на бабруйскай плошчы Перамогі ў мінулую суботу. Яе хацелі затрымаць яшчэ тады, але блогер Алег Жалноў, які вёў стрым у Фэйсбук, і іншыя ўдзельнікі пікету гэтаму перашкодзілі.
Тры дні пасля пікету падпалкоўнік Рудзько патрабаваў ад Галіны Лазаравай, каб тая прыйшла ў аддзяленне міліцыі. Але яна не магла гэта зрабіць, бо ў яе дома было трое малых дзяцей, адно з якіх захварэла. Таму актывістцы прыйшлося класціся з ім у бальницу, куды і прыйшоў Рудзько для складання пратаколу.
Допыт ён вёў у працэдурным пакоі - паводле сведкаў, маленькім і душным. Галіна Лазарава патэлефанавала сябрам, да яе ў бальніцу прыехала кіраўніца бабруйскай суполкі РЭП Галіна Смірнова, актывіст Уладзімір Усер і Алег Жалноў. Алег Жалноў пачаў весці стрым з гэтага допыту, пасля чаго Рудзько абвінаваціў яго ў перашкодзе адміністрацыйнаму працэсу і выклікаў міліцыю.
Паводле Галіны Смірновай, Рудзько спрабаваў спыніць наведвальнікаў, не даць ім сысці да прыезду іншых міліцыянтаў. Калі актывісты ўсё ж выйшлі з будынку бальніцы, міліцыянты затрымалі Алега Жалнова і Уладзіміра Усера, да ночы яны знаходзіліся ў ГУУС. Галіне Смірновай падпалкоўнік Рудзько паспеў таксама выпісаць позву, але тая яе не ўзяла.
Сяргей Рудзько вядомы ў Бабруйску пераследам дэмакратычных актывістаў.
Крыніца: Міліцыянт склаў пратакол на актывістку РЭП прама ў бальніцы