Праваабаронца з Барысава Алег Мацкевіч накіраваў у гарадскі выканаўчы камітэт заяўку на правядзенне 30 кастрычніка пікету на цэнтральнай плошчы горада, насупраць будынку Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. Нагодай для гэтага стала трагічная гібель салдата ў барысаўскіх Пячах.
Мэтай мерапрыемства, паводле заяўніка, з’яўляецца патрабаванне адстаўкі Міністра абароны РБ генерал-лейтэнанта Андрэя Раўкова і прыцягнення да крымінальнай адказнасці ўсіх вінаватых у смерці салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча.
Барысаўскі выканкам павінен ў пятнаццацьдзённы тэрмін даць адказ па накіраванай заяўцы.
21-гадовага пінчука Аляксандра Коржыча, прызванага на службу менш за паўгады таму, 3 кастрычніка знайшлі павешаным у адным з будынкаў на тэрыторыі вайской часткі ў Пячах. 10 кастрычніка была распачатая справа па ч. 3 арт. 443 Крымінальнаша кодэксу (парушэнне статутных правілаў узаемаадносінаў паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносінаў падпарадкавання, якое пацягнула цяжкія наступствы).
Смерць маладога салдата выклікала бурную рэакцыю грамадскасці. Праваабаронцы з Гомеля Леанід Судаленка і Андрэй Стрыжак распачалі грамадскую кампанію “Міністра абароны ў адстаўку”, размясціўшы на сайце zvarot.by адпаведны зварот, які за некалькі дзён падпісала ўжо больш за 8500 чалавек.
Крыніца: Барысаўскі праваабаронца хоча правесці пікет з патрабаваннем адстаўкі Міністра абароны