Палітвязень Міхаил Жамчужны/ Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, пасля месячнага ўтрымання ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ), якое завершылася 4 кастрычніка, палітвязень Міхаіл Жамчужны атрымаў ужо два спагнанні – кожнае па 10 сутак ШЫЗА. Такім чынам, з пачатку жніўня, калі палітвязень быў пераведзены ў калонію №9 у Горкі, у яго ўжо 8 спагнанняў у выглядзе змяшчэння ў ШЫЗА і ПТК.

Праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля пераводу ў Горацкую калонію, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія яго траўлі, звязаная з ўсталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін.

Спагнанні адміністрацыя калоніі ў Горках выносіць Міхаілу Жамчужнаму за адмовы пераходзіць у атрад, сфармаваны са зняволеных з “нізкім статусам”, расцэньваючы гэта як непадпарадкаванне. Пры гэтым у сваіх тлумачальных, якія палітвязень дае падчас атрымання спагнанняў, ён указвае на сапраўдныя прычыны адмоваў.

За апошні час былі праведзены дзве праверкі ўмоваў утрымання Міхаіла Жамчужнага: прадстаўнікамі Дэпартаменту выканання пакаранняў (палітвязень расцэньвае яе як рэакцыю на зварот праваабаронцы Алеся Бяляцкага) і пракуратуры. Аднак, правяраючых цікавілі пытанні, датычныя якасці харчавання, медыцынскага абслугоўвання, побыту, а праблемы, звязаныя з кампаніяй траўлі і ціску, не закраналіся. 

У сваю чаргу ДВП адказаў Алесю Бяляцкаму, што не разглядаў яго зварот па сутнасці, бо праваабаронца не прадставіў дакументы, якія падцвярджаюць паўнамоцтвы прадстаўляць інтарэсы іншай асобы. Дэпартамент удакладніў, што Жамчужны можа самастойна звяртацца да адміністрацыі па пытаннях умоваў адбыцця пакарання і рэжыму ўтрымання, а ў выпадку ўзнікнення пагрозы асабістай бяспекі - мае права звярнуцца з пісьмовай заявай да адміністрацыі папраўчай установы для прыняцця мераў па забеспячэнню яго бяспекі. 

Тым не менш, 29 верасня, за некалькі дзён да заканчэння тэрміну ў ПКТ, Міхаіла Жамчужнага выклікаў супрацоўнік аператыўнай часткі калоніі і сказаў напісаць абагульненае пісьмовае тлумачэнне таго, што з ім адбываецца. Праз тры дні пасля гэтага палітвязень быў выкліканы да начальніка аператыўнага аддзела, які папярэдзіў пра ініцыяванне пераводу Жамчужнага на турэмны рэжым зняволення.

У мінулы аўторак, 10 кастрычніка, Міхаіла Жамчужнага даставілі ў памяшканне калоніі, дзе праходзілі працэсы над зняволенымі выязнога суда г. Горкі. Тое, што ў той дзень мусіць адбыцца судовы працэс па пераводзе яго ў турму, Жамчужны даведаўся толькі на месцы. Палітвязень адмовіўся ўдзельнічаць у судзе і запатрабаваў забяспечыць яму абарону. Міхаілу Жамчужнаму прапанавалі скарыстацца паслугамі горацкага адваката, але ён адмовіўся і запатрабаваў удзелу ў працэсе адваката, з якім у палітвязня заключана дамова. Пасля гэтага яго вярнулі ў камеру.

На дадзены момант прадстаўлення адміністрацыі калоніі аб пераводзе Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым зняволення не бачыў ні сам вязень, ні ягоны абаронца. Аднак сёння стала вядома, што судовы працэс ужо прызначаны на 24 кастрычніка ў 14.30 на тэрыторыі калоніі №9 г. Горкі.

Вядома, што Міхаіл Жамчужны намераны выказаваць нязгоду пераводу ў турму, тлумачачы гэта тым, што непадкарадкаванні, за якія выносяцца сістэматычныя спагнанні – вымушаныя, накіраваныя на абарону ягонай годнасці і гонару. Палітвязень намераны дадзеныя спагнанні абскардзіць у судовым парадку.

Міхаіл Жамчужны ўтрымліваецца большую частку свайго знаходжання ў калоніі №9 у ШЫЗА і не мае ні паперы, ні асадкі, адпаведна не можа пісаць лісты. Ён просіць з разуменнем паставіцца да вымушанага “перыяду маўчання” сваіх сяброў і ўсіх тых, на чые лісты не мае магчымасці адказаць.

Крыніца: Палітвязень Міхаіл Жамчужны зноў у ШЫЗА. На аўторак прызначаны суд па пераводзе яго ў турму