У 2013 годзе падчас ІІІ Беларускага праваабарончага форума было прэзентавана Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны вязень». Праз чатыры гада, падчас цяперашняга праваабарончага форуму, праваабаронцы Уладзімір Яворскі і Валянцін Стэфановіч падзяліліся досведам выкарыстання распрацаваных тады крытэраў для вызначэння палітычных зняволеных.
Напачатку дыскусіі Уладзімір Яворскі нагадаў, што мэтай стварэння кіраўніцтва было адысці ад суб’ектыўных ацэнак у палітычных справах і, адпаведна, знайсці як мага больш аб’ектыўных крытэраў, якія былі б сапраўднымі аргументамі і для беларускіх уладаў, і для міжнародных арганізацый. Пры гэтым Яворскі нагадаў, што праваабаронцы дагэтуль збіраюць заўвагі і прапановы па паляпшэнні дакумента і не выключае таго, што ў будучым працоўная група ізноў будзе сустракацца дзеля карэктыроўкі кіраўніцтва.
Юрыст Праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч адзначыў, што пытанне прызнання чалавека палітзняволеным дастаткова складанае, таму што знаходзіцца на стыке міжнароднага і нацыянальнага права.
"У некаторых выпадках мы можам заяўляць пра палітычна матываваны пераслед адразу пасля ўзбуджэння крымінальнай справы, але ва многіх выпадках не. Чаму так? Таму што ў першых выпадках адразу бачна, што пераслед звязаны з ажыццяўленнем гэтым чалавекам свайго нейкага канкрэтнага права. Прыклад таму – справа Аляксандра Лапіцкага, які зараз знаходзіцца на прымусовым лекаванні. Артыкул, паводле якога яго тады асудзілі, павінен быць дэкрыміналізаваны, бо яго існаванне фактычна ідзе ў разрэз з правам асобы на выказванне свайго меркавання. Але ёсць шмат выпадкаў, калі трэба чакаць судовага працэсу, каб дакладна вызначыць, ці з’яўляецца чалавек палітвязнем".
Падчас свайго выступу Валянцін Стэфановіч адзначыў, што цягам апошняга года праваабарончая супольнасць заяўляла пра існаванне палітычна матываванага пераследу ў адносінах да сямі асобаў. Гэта Вадзім Жаромскі, Максім Пякарскі, Вячаслаў Касінераў, Дзмітрый Паліенка, Эдуард Пальчыс, Аляксандр Лапіцкі і Уладзімір Кондрусь. Усе, акрамя Аляксандра Лапіцкага, у выніку былі вызваленыя альбо да суда, альбо ў залі суда. Але, як падкрэсліў праваабаронца, так адбываецца далёка не заўсёды, і ў большасці выпадкаў лёс палітзняволеных у Беларусі залежыць ад палітычнай сітуацыі ў краіне ў дадзены канкрэтны час.
Яшчэ адным момантом, на які звярнулі ўвагу эксперты, стаў палітычна матываваны адміністрацыйны пераслед. Бо ў кантэксце крытэраў для вызначэння палітвязняў усе, хто атрымлівае арышт за рэалізацыю права на мірныя сходы, з’яўляюцца палітвязнямі. У гэтым кантэксце Стэфановіч узгадаў Amnesty International, калі пасля якіх-небудзь акцый, дзе затрымліваюць мірных дэманстрантаў, яна публікуе інфармацыю аб тым, што прызнае гэтых людзей вязнямі сумлення. Праваабаронца лічыць, што і ў Беларусі, магчыма, трэба ўводзіць падобную практыку.
Напрыканцы Уладзімір Яворскі дадаў, што вельмі верагодна праваабарончая супольнасць прыйдзе да таго, каб да адной з груп палітвязняў увесці такі тэрмін, як “вязень сумлення”.
“Ёсць дзве групы палітвязняў: тыя, хто пацярпеў праз негвалтоўнае ажыццяўленне сваёго нейкага права, і тыя, у дачыненні да якіх яскрава бачны палітычна матываваны пераслед. Аднак у грамадстве гэта ніхто не разумее, акрамя саміх праваабаронцаў. У СМІ усіх гэтых людзей называюць палітвязнямі, не ўдакладняючы, да якой групы яны датычацца. Таму, магчыма, з цягам часу мы прыйдзем да двух розных тэрмінаў і адносна першай групы будзем ужываць тэрмін “вязні сумлення”.
Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны вязень» распрацавана працоўнай групай праваабаронцаў з Азербайджану, Беларусі, Грузіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны і прынятае ў кастрычніку 2013 года. Яго мэтай з'яўляецца ўніфікацыя падыходаў у дзейнасці праваабарончых арганізацый па вызначэнні і выкарыстанні паняцця «палітычны вязень». З моманту прыняцця кіраўніцтва у Беларусі шэсць асобаў атрымалі такі статус. На дадзены момант за кратамі знаходзяцца два з іх – гэта Міхаіл Жамчужны і Дзмітрый Паліенка.
Крыніца: Праваабаронцы падзяліліся досведам выкарыстання крытэраў для вызначэння палітвязняў