Міраслаў Лазоўкі пасля вызвалення. Фота: svaboda.org Да канца восені ў «справе патрыётаў» будзе пастаўлена кропка. Адзін з фігурантаў справы, колішні кіраўнік «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі робіць сайту palitviazni.info прагноз адносна таго, чым яна можа закончыцца.

“Хацелася б спадзявацца на лайт-варыянт развіцця падзей, але ж вы самі разумееце, якое адценне мае справа”, – кажа ён.

Нагадаем: затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка гэтага года, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй”. Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ч.3 арт.293 КК), пазней з’явілася абвінавачанне ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання і ўдзеле ў ім” (арт.287 КК).

Паступова фігуранты справы выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе, а у чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Беларусі.

«Да канца восені кропка ў гэтай справе будзе пастаўлена, – паведаміў днямі журналістам у парламенце старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч. – Не магу прагназаваць, у які бок. Але мы вынесем абгрунтаванае рашэнне».

– Я не ведаю, куды павернуць справу, – кажа Міраслаў Лазоўскі. – Улічваючы, што асабіста са мной у апошні час зусім ніякіх следчых дзеянняў не праводзілася. І ўвогуле, наколькі мне вядома, нейкіх кардынальных зрухаў у справе не адбывалася. Натуральна, хацелася б спадзявацца на лайт-варыянт развіцця падзей, але ж вы самі разумееце, якое адценне мае справа. Я ўжо не першы раз кажу, што лёс палітычных спраў вырашаецца не судом.

– А можа справа і наогул не дойдзе да суда?

– У мяне няма абсалютна ніякіх падстаў для прагнозаў. І ўвогуле не разумею, што следчыя зробяць да канца восені, калі апошнія два месяцы ніякай напружанай працы ў гэтым накірунку не было бачна. А можа нешта і рабілі, але мы гэтага не ведаем…

Крыніца: Міраслаў Лазоўскі: Лёс палітычных спраў вырашае не суд