Беларускія праваабаронцы і грамадскія актывісты, якія апошнія чатыры гады апекаваліся ахвярамі карнай псіхіятрыі, накіравалі зварот да кіраўніцтва Сусветнай псіхіятрычнай асацыяцыі (WPA), кангрэс якой адбыўся ў Берліне 8 - 12 кастрычніка. У лісце на адрас экс-прэзідэнта WPA, прафесара Каралеўскага каледжа Лондана Дынеша Бхугра (Dinesh Bhugra) апісаныя пяць найбольш рэзанансных выпадкаў прымянення псіхіятрыі ў Беларусі з мэтай ціску на грамадзянаў і палітычных актывістаў.
Лекар-праўдаруб Ігар Пастноў прымусова ўтрымліваўся больш за месяц у Віцебскай псіхіятрычнай лякарні, хаця пазней тэсты расейскіх псіхіятраў паказалі, што ён не патрабаваў ніякай псіхіятрычнай дапамогі. Жыхарка Маладэнчна Алеся Садоўская пазапраўна правяла больш за пяць месяцаў у розных псіхіятрычных установах, прычынаю ціска сталі яе скаргі ў пракуратуру на дзеянні міліцыі. Пажылы актывіст Аляксандр Лапіцкі прымусова правёў больш за пяць месяцаў у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя “Навінкі” з-за таго, што дазволіў сабе крытыкаваць у сеціве кіраўніка дзяржавы. Вядомы паэт і палітычны актывіст Славамір Адамовіч праз канфлікт з міліцыяй быў прымусова дастаўлены ў “Навінкі”, дзе знаходзіўся пад наглядам дактароў два дні. Актывістка з Брэста Наталля Папкова ў час падрыхтоўкі акцыяў пратэсту супраць Дэкрэта №3 была ізаляваная на тры дні, трапіўшы супраць сваёй волі на трохдзённае прымусовае асвядчэнне ў мясцовы псіханеўралагічны цэнтр.
Інфармацыю пра ўсе гэтыя выпадкі Дынеш Бхугра перадаў ужо новаму прэзідэнту WPA Хелен Херман (Helen Herrman). Пра тое, што кіраўніца асацыяцыі занепакоеная выпадкамі прымянення псіхіятрыі ў карных мэтах у Беларусі, аўтарам звароту паведаміў кансультант камітэта WPA, прафесар Дрыс Мусаўі (Driss Moussaoui) з Марока, які асабіста абмяркоўваў з прэзідыюмам гэтую тэму падчас Кангрэса WPA ў Берліне.
Пасля таго, як стала вядома пра практыку выкарыстання псіхіятрыі ў карных мэтах у былым СССР, WPA стварыла адмысловы Камітэт па этыцы. Былі таксама распрацаваныя адмысловыя этычныя стандарты псіхіятрычнай практыкі, якія рэгламентуюць прымусовае ўтрыманне пацыентаў у псіхлякарнях толькі ў выключных выпадках, калі існуе небяспека жыццю альбо здароўю грамадзянаў. Беларускія праваабаронцы разлічваюць, што вышэй апісаныя беларускія кейсы будуць падрябязна разгледжаныя Камітэтам па этыцы WPA. Нагодаю для напісання зварота стала інфармацыя пра тое, што прадстаўнік Беларускай псіхіятрычнай асацыяцыі (БПА) меў магчымасць трапіць у кіраўніцтва WPA. Аднак кіраўніцтва міжнароднай арганізацыі было папярэджанае, што БПА самаўхілілася ад разгляду праблемных кейсаў унутры Беларусі і не адказвала на звароты праваабаронцаў.
Крыніца: Сусветная псіхіятрычная асацыяцыя разгледзіць беларускія справы, датычныя карнай псіхіятрыі