Актывіст з Баранавіч Рыгор Грык з дапамогай Праваабарончага цэнтру “Вясна” накіраваў скаргу ў Баранавіцкую міжраённую пракуратуру і Баранавіцкі гарвыканкам на незаконные дзеянні і рашэнні супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі актывіста 21 кастрычніка.
У той дзень Рыгор Грык збіраўся паехаць у Мінск, каб прыняць удзел у акцыі “Марш абураных беларусаў” на Кастрычніцкай плошчы. На пероне Палескага вакзала ў Баранавічах, за 20 хвілін да адпраўлення цягніка, да Грыка падыйшлі два чалавекі ў цывільным і запатрабавалі паказаць пашпарт. Перад гэтым актывіст паспеў уключыць відэазапіс на мабільным тэлефоне. Людзі ў цывільным забралі пашпарт і паведамілі Грыку, што той ужо нікуды не паедзе.
“Я сказаў, што нічога не парушыў, і запатрабаваў, каб яны высылалі павестку ці складалі пратакол, калі ўсё ж нейкія парушэнні існуюць. Затым я паспрабаваў сысці, аднак цывільныя перагарадзілі мне дарогу. Адзін з іх (як потым высветлілася, гэта быў старшы ўчастковы Пётр Герман) пачаў адпіхваць мяне ў жывот. У выніку я ўпаў на рэйкі”, - распавядае Грык.
На пероне ў той момант з’явіліся міліцыянты ў форме. Грык залез назад на перон і паспрабаваў паскардзіцца ім на незаконныя дзеянні людзей у цывільным. Аднак міліцыянты, у тым ліку і капітан чыгуначнай міліцыі Андрэй Пацко, ніяк на яго просьбы не рэагавалі. Тады Грык пачаў тэлефанаваць на нумар “102”, але не змог гэта зрабіць, бо Герман вырваў у яго з рук тэлефон. Пасля гэтага ён сказаў, што у Грыка ёсць тры хвіліны, каб добраахвотна паехаць з імі, у адваротным выпадку, гэта будзе ўспрымацца як непадпарадкаванне міліцыі. Актывіст працягваў прасіць сабе адваката, казаў, што неабходна выклікаць хуткую, бо адчувае сябе дрэнна, аднак замест гэтага міліцыянты наўпрост падхапілі яго за рукі і панеслі на стаянку, адкуль на легкавой машыне ўвезлі ў Баранавіцкі ГАУС.
“У пастарунку я пытаўся, на якой падставе мяне затрымалі? Участковы Пётр Герман тады адказаў, што быццам бы на “Пасёлку” нешта скралі, і мяне будуць дапытваць як сведку. У кабінеце маёра Паўлені я паўтарыў сваё пытанне. Паўленя, у сваю чаргу, адказаў, што ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя аб тым, што 15 кастрычніка ў Баранавічах быў праведзены пікет. Аднак справа ў тым, што мяне ў той дзень не было ў Беларусі. Паўленя паглядзеў мой пашпарт, пераканаўся ў гэтым, аднак адпускаць мяне не спяшаўся. Ён пратрымаў мяне ў памяшканні да 14.00 і толькі тады склаў пратакол апытання сведкі і прасіў мяне падпісаць яго. Спачаку я адмовіўся, але потым вырашыў напісаць на ім, што не згодны з яго зместам. Пасля гэтага маёр Паўленя ў маёй прысутнасці парваў гэты пратакол”.
Затым міліцыянт аддаў Грыку пашпарт і мабільны тэлефон, на якім ужо быў сцёрты відэазапіс затрымання, выклікаў двух міліцыянтаў, каб тыя завезлі Грыка да хаты. Таксама маёр выдаў актывісту павестку, якая пацвярджала, што з 11.00 да 14.00 ён знаходзіўся ў ГАУС (хоць на самой справе ён быў там з 10.20).
“Я не быў падазраваны, але супрацоўнікі міліцыі забралі ў мяне пашпарт, правялі асабісты дагляд, адабралі мабільны тэлефон, знішчылі ў ім відэазапісы і без прад’яўлення абвінавачыанняў незаконна трымалі ў ГАУС. Мне паведамілі, што я нібыта затрыманы ў якасці сведкі, але я не мог ім быць, бо мяне нават у краіне не было. Па законе сведку нельга затрымліваць, нельга праводзіць асабісты дагляд і адбіраць тэхніку. Я не парушаў закон, закон парушаны ў адносінах да мяне”, - скардзіцца актывіст.
Рыгор Грык упэўнены, што тое, што здарылася ў ім 21 кастрычніка, з’яўляецца грубейшым парушэннем адразу пяці артыкулаў Канстытуцыі РБ, прынцыпаў міжнароднага права, Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Актывіст просіць пракуратуру і Баранавіцкі гарвыканкам правесці праверку на прадмет законнасці і абгрунтаванасці дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі і наконт яго адвольнага затрымання. Таксама Грык спадзяецца атрымаць інфармацыю наконт таго, па якой ўсё ж такі справе яго апытвалі і выдалі позву.
Крыніца: Рыгор Грык абскарджвае сваё затрыманне перад акцыяй 21 кастрычніка Аўдыё