Ян Міхалькоў, які, як і бацька Мікалай Міхалькоў, быў затрыманы ў межах крымінальнай справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, ужо на волі.
Хлопец быў вызвалены з СІЗА-1 29 красавіка. Умовы яго вызвалення Праваабарончаму цэнтру “Вясна” невядомыя.
Ян Міхалькоў быў затрыманы 21 сакавіка, яго бацька – 24 сакавіка. Спачатку яны ўтрымліваліся ў СІЗА КДБ, дзе ім афіцыйна было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 3 арт. 293 КК РБ. Пазней абодвух перавялі на “Валадарку”.
Трэба адзначыць, што Ян і Мікалай Міхальковы ў ліку трох фігурантаў справы, якім, па наяўнай інфармацыі, не прад’яўлена дадатковае абвінавачанне – звязанае з незаконным узброеным фармаваннем.
Такім чынам, за кратамі працягваюць заставацца 18 чалавек з абвінавачваннем у "падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (частка 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса), 16 з іх таксама праходзяць па справе, узбуджанай па артыкуле 287 КК.