Следчы камітэт Першамайскага раёна Мінска другі раз адмовіў Мікалаю Дзядку ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце яго збіцця 25 сакавіка супрацоўнікамі АМАП.
Пра гэта стала вядома з паведамлення былога палітзняволенага, змешчанага на яго асабістай старонцы ў фэйсбуку.
Следчая Венцель Т.В. зноў не знайшла складу злачынства ў дзеяннях супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Уся пастанова на 7 аркушах - звычайнае адпісачнае фуфло, якое, бадай, кожны актывіст чытаў сто разоў у сваім жыцці. Выключна даследніцкі інтарэс выклікае толькі наступнае. Я прадставіў да следчых цэлых двух сведкаў, якія бачылі, як мяне валаклі ў бус і ў ім збівалі.
Канешне, следачцы трэба было неяк выкруціцца і абясцэніць іх паказанні. Вось якую цікавую фармулёўку яна для гэтага знайшла:
"...вместе с тем их устные пояснения в виду явной заинтересованности в исходе дела в пользу Дедка Н.А., обоснованной неприязни к сотрудникам милиции как лиц совершавших аналогичные правонарушения и подвергавшихся превентивным мерам, при наличии у них желания скомпрометировать сотрудников правоохранительных органов, можно поставить под сомнение."
Што тут скажаш? Няхай жыве «обоснованная неприязнь к сотрудникам милиции»! З кожным такім дакуменцікам яна робіцца ўсе больш «обоснованной»
Нагадаем, былы палітвязень Мікалай Дзядок быў затрыманы і збіты пад час Дня Волі, яго забралі на хуткай з пастарунку. Паводле медыцынскага заключэння ён атрымаў закрытую ЧМТ і чатыры дні правеў у шпіталі. Са шпіталю яго павезлі ў суд Партызанскага раёну, дзе і асудзілі да 10 сутак арышту.
Мікалай Дзядок накіраваў у СК скаргу на дзеянні супрацоўнікаў сілавых структураў з патрабаваннем убудзіць супраць іх крымінальную справу. Аднак, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы яму было адмоўлена.
Пасля гэтага ён паскардзіўся ў пракуратуру Першамайскага раёна г. Мінска, якая ў сваю чаргу адмяніла рашэнне следчага камітэта, адзначыўшы, што "не былі прынятыя меры да поўнага і ўсебаковага даследавання абставінаў, ў сувязі з чым пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы вынесена заўчасна".
Крыніца: СК ізноў адмовіў Мікалаю Дзядку ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць АМАПаўцаў