На станцыі метро “Магілёўская” супрацоўнікі міліцыі раніцай 3 лістапада затрымалі актывістку КХП-БНФ Алу Гуцаву, якая раздавала мінакам запрашэнні на акцыю ўшанавання памяці ахвяраў сталінскага рэжыму “Дзяды”. Адразу пасля затрымання ў 7-40 раніцы яе адвялі ў апорны пункт міліцыі і склалі пратакол апытання ў сувязі з тым, што жанчына нібыта здзейсніла адміністратыўнае правапарушэнне па арт 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
У адказ Гуцава прадаставіла супрацоўнікам міліцыі копію афіцыйнага дазволу на правядзення акцыі, аднак лейтэнант міліцыі скептычна паставіўся да копіі і доўга тэлефанаваў начальству.
Па словах актывісткі, у яе забралі амаль тысячу запрашэнняў на акцыю, прычым копію пратаколу вымання на рукі ёй не выдалі.
На пытанне актывісткі, калі ёй аддадуць канфіскаваныя запрашэнні, адказалі: “Дзён праз пяць – дзесяць”.
"Дык навошта яны праз пяць дзён, калі акцыя запланаваная на 5 лістапада?" -- абураецца Ала Гуцава.
А ці было ўвогуле парушэнне? Справа ў тым, што Мінскі гарадзкі і абласны выканкамы сапраўды далі афіцыйны дазвол на правядзенне ў нядзелю, 5 лістапада, традыцыйнага шэсця і мітынгу ў Курапатах. Згодна з заканадаўствам, ад моманту атрымання заяўнікамі дазволу на правядзенне масавага мерапрыемтва дазволеныя любыя абвесткі і запрашэнні на акцыю.
Верагодна, супрацоўнікі міліцыі не зусім валодалі інфармацыяй, альбо наўмысна вырашылі забраць запрашальнікі, каб стварыць перашкоды інфармаванню людзей пра акцыю “Дзяды”, парушаючы іх права на мірныя сходы, гарантаванае Канстытуцыяй Беларусі.
Ала Гуцава зараз рыхтуе скаргу на незаконныя дзеянні міліцыі, з мэтай прыцянуць іх да ўстаноўленай законам адказнасці.
Крыніца: Затрымалі актывістку з запрашальнікамі на дазволеную ўладамі акцыю "Дзяды"