Адвакаты, якіх беларуская дзяржава пазбавіла ліцэнзій, у спецпраекце Свабоды распавядаюць, як жыць бяз права працаваць па прафэсіі. 31 кастрычніка суд не задаволіў пазоў Ганны Бахціной да Міністэрства юстыцыі. Экс-адвакатка, якая абараняла фігуранта «Справы патрыётаў» Міраслава Лазоўскага, дамагалася вяртаньня ёй адвакацкай ліцэнзіі і адмены рашэньня кваліфікацыйнай камісіі, якая ў верасьні пастанавіла, што Бахціна ня можа займацца адвакацкай практыкай нібыта празь нізкую кваліфікацыю.
Выпадак Ганны Бахціной далёка ня першы.
Павал Сапелка, пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі пасьля 16 гадоў стажу
Быў выключаны са складу калегіі адвакатаў, калі працаваў па крымінальнай справе Паўла Севярынца і кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Афіцыйнай прычынай стаў ад’езд за межы Беларусі ў адпачынак, які нібыта ня быў зацьверджаны кіраўніцтвам. У дакумэнтах аб пазбаўленьні права займацца адвакацкай дзейнасьцю ёсьць згадкі пра зварот у Мін’юст па справе Сапелкі тагачаснага старшыні КДБ.
«Тэарэтычна я зараз магу аднавіць ліцэнзію. Прайшло больш за тры гады, можна нанова прэтэндаваць на права займацца адвакацкай дзейнасьцю. Але я не спрабую. Найперш, я ня бачу для сябе магчымасьці працаваць адвакатам у тых умовах, у якіх працуе цяпер адвакатура. У будучыні — магчыма, я не выключаю».
«Першую ліцэнзію мне выдалі ў 1995 годзе. Каля 16 гадоў прапрацаваў. У 1993 годзе скончыў юрыдычны факультэт БДУ, нейкі час працаваў юрыстам у розных галінах права. А потым пастажыраваўся ў Менскай абласной калегіі адвакатаў і атрымаў ліцэнзію. Гэта было сьвядомае рашэньне, я хацеў стаць адвакатам. Падабалася большая свабода ў прыняцьці рашэньняў. Калі ты юрыст на прадпрыемстве, ты зьвязаны думкай кіраўніцтва, яшчэ нейкімі вытворчымі інтарэсамі. А калі ты адвакат, ты больш незалежны. У тым ліку ад думкі свайго кліента. Вядома, ты яе цэніш і ўлічваеш, але дзейнічаеш так, як падказвае ўласнае разуменьне сытуацыі.
Палітызаваныя справы вёў яшчэ да Саньнікава. Абараняў Аўтуховіча, Севярынца, Вінаградава. Цяжка сказаць, каго з актывістаў апазыцыі я не абараняў на адміністрацыйных або крымінальных працэсах. Але не скажу, што я быў сыстэмным адвакатам апазыцыі. Шмат іншых спраў было.
Калі падыходзіць да палітызаваных працэсаў як да безнадзейных, то лепш і не пачынаць працу. Таму што шмат у чым ад адваката залежыць, як такі працэс будзе ўспрымацца. Будзе гэта канвэерная штампоўка прысуду — ці абвінаваўцам давядзецца напружыцца. Можна ўзгадаць справу Мікалая Аўтуховіча. Яму пракурор прасіў у тры разы большы тэрмін, чым у выніку Аўтуховіч атрымаў.
Чым для мяне стала пазбаўленьне прафэсіі? Гэта пазбаўленьне прафэсіі. Я хутка пачаў займацца праваабарончай дзейнасьцю, але гэта было ўжо іншае. Кажуць, што звальненьне — ня меншы стрэс, чым страта блізкага чалавека. Параўноўваюць з разводам. Няпроста гэта было ўспрыняць, трэба было прывыкаць да таго, што ты ўжо не адвакат. Хоць я рыхтаваўся, вядома. Некалькі месяцаў пасьля пачатку справы па Плошчы прачынаўся і думаў, адвакат я ці ўжо не.
Падтрымліваю адносіны з адзінкамі з былых калегаў. Ад мяне ніхто не шарахаўся, але і сумавалі нядоўга. Магчыма, я і калі быў адвакатам, ня ўсім падабаўся, але вось сытуацыя з Тамарай Сідарэнкай мяне больш зьдзівіла, чым уласная. Яна шмат аддала адвакатуры, а яе сыход перажылі вельмі лёгка.
Перад пазбаўленьнем ліцэнзіі я заўважаў, што маладыя адвакаты, якія прыходзілі ў калегію, былі значна лепш падрыхтаваныя і больш матываваныя, чым некалі я на пачатку 90-х. Безумоўна, яны маглі б стаць залатым ядром адвакатуры. Але, на жаль, у адвакатуру ідуць ня толькі ўчарашнія студэнты. Ідуць і юрысты, якія не знайшлі сябе ў іншых сфэрах, і гэта не заўсёды добра».
Гісторыі Алега Агеева і Тамары Сідарэнка чытайце на Свабодзе.