Дзмітрый Цімашэнка ў судзе. Фота "Гомельская Вясна" У судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля 19 лютага з апошнім словам выступіў Дзмітрый Цімашэнка, якога вінавацяць у гвалте ў дачыненні да супрацоўніцы міліцыі. Пра гэта паведамляе "Гомельская Вясна".

Яшчэ 15 лістапада на пратэстай акцыі падсудны ўдарыў па руцэ міліцыянтку Наталлю Сінкевіч, якая здымала грамадзянаў, тэлефон выпаў з яе рук і разбіўся.

Справу разглядае суддзя Сяргей Кармановіч.

У Гомелі судзяць Дзмітрыя Цімашэнку: "Ударыў супрацоўніцу міліцыі па руцэ, у яе выпаў тэлефон"

Паводле абвінавачвання, 15 лістапада ў Гомелі падчас пратэстаў Дзмітрый Цімашэнка ўдарыў па руцэ супрацоўніцу міліцыі Наталлю Сінкевіч, якая здымала на тэлефон пратэстоўцаў. Тэлефон упаў і разбіўся.

У судовых спрэчак пракурор запрасіў для абвінавачанага чатыры гады пазбаўлення волі.

Дзмітрый Цімашэнка падчас сваёй прамовы плача, просіць прабачэння ў пацярпелай, бацькоў, якім прынёс праблемы.

“Я не злачынца. На лаве падсудных апынуўся першы і апошні раз. Я раскайваюся, у мяне не было матыву палітычнай варожасці. Прашу даць мне пакаранне не звязанае з пазбаўленнем волі”, - сказаў падсудны.  

Абвяшчэнне рашэння адбылося ў 16.00.

Суддзя прызнаў Дзмітрыя Цімашэнку вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай установе агульнага рэжыму. Таксама падсуднаму трэба будзе выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелай міліцыянтке 1000 рублёў.

Як паведамляе Радыё Свабода, бацька абвінавачанага Андрэй Кармановіч лічыць рашэнне суду занадта суровым і несправядлівым.

"Я абураны нашай сістэмай правасуддзя. У яго не было судзімасці, першы раз трапіў пад суд... І такі прысуд! Такая сітуацыя ў краіне насцярожвае", — заўважыў ён.

Маці Вольга кажа, што Дзмітрый скончыў школу з залатым медалём, паступіў на бюджэт у БДУІР, вывучыўся на праграміста і ўладкаваўся на працу.

"Мой сын — прыстойны і выхаваны чалавек. Калі забілі Рамана Бандарэнку — ён быў вельмі засмучаны. Ён казаў, што нешта нядобрае адбываецца ў нашай краіне. Магчыма, таму пайшоў на акцыю пратэсту", — выказалася маці.

Нагадаем, 15 лістапада ў Гомелі праходзіла нешматлікая акцыя памяці Рамана Бандарэнкі, які загінуў 12 лістапада ў Мінску. Частка людзей пайшла праспектам Перамогі, другая — вуліцай Савецкай. Групка людзей была ля цырку. Іх здымала на мабільны тэлефон міліцыянтка Наталля Сінкевіч.

“Я спужаўся, што ў далейшым буду прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці па артыкуле 23.34 КаАП. Я паспрабаваў выбіць рукой тэлефон у супрацоўніцы. Цэліўся ў тэлефон, быў спужаны", — тлумачыў на судзе Дзмітрый Цімашэнка.

Тут жа каля цырку яго і затрымалі. Дзеянні Дзмітрыя расцанілі як гвалт над супрацоўніцай міліцыі з прычынаў "палітычнай варожасці".

Крыніца: За выбіты з рук супрацоўніцы міліцыі тэлефон гамяльчук атрымаў два з паловай гады калоніі