Аляксей Лапа ў судзе 22 лютага. У судзе Кастрычніцкага раёна Гародні 22 лютага працягваецца разгляд крымінальнай справы мясцовага таксіста Аляксея Лапы. Мужчыну абвінавачваюць паводле арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Гэта адзін з самых працяглых судоў па крымінальнай справе па артыкуле 364 за апошні час, суд распачаўся яшчэ 5 лістапада і доўжыцца тры з паловай месяцы.

У якасці пацярпелых выступаюць два супрацоўнікі АМАПу - Арцём Логіш і Павел Конан. 

Справу разглядае суддзя Дзмітрый Кедаль. Дзяржабвінаваўца - пракурор Георгій Смольскі.

Маніторынг судовага пасяджэння ажыццяўляе праваабаронца Раман Юргель.

Перапынак ад 24 снежня мінулага года быў абумоўлены неабходнасцю правядзення экспертызы відэазапісу інцыдэнта.

Па версіі абвінавачвання, Аляксей 11 жніўня з мэтай перашкодзіць дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі ўжыў гвалт над імі, то бок наехаў на іх на машыне. Пры гэтым толькі ў Конана былі сінякі і ранкі: сінякі на локці і калене, драпіна на ілбе, якія выклікалі кароткачасовую страту здароўя. Нагадаем, 11 жніўня каля плошчы Дзекабрыстаў машыну Аляксея спынілі супрацоўнікі АМАПу і жорстка затрымалі ўсю кампанію. Таксі сілавікі разбілі, людзей, якія знаходзяцца ўнутры, выцягнулі на дарогу і збілі.

Сёння ў судзе прайшлі спрэчкі бакоў.

Пракурор перакананы, што "па арт. 364 КК РБ факт прымянення сілы з мэтай перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўнікаў АМАПа знайшло пацвярджэнне ў поўным аб'ёме. Удзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве не прымаў. А б-ч-б сцяг не ягоны, а пакінуты ў салоне пасажырам.

Віна Лапы пацвярджаецца таксама паказаннямі пацярпелых, сведак, матэрыяламі справы. Паказанні сведак супрацоўнікаў АМАПа пацвярджаюць паказанні пацярпелых.

У сувязі з выкладзеным, паказаннямі пацярпелых і сведак, факт атрымання цялеснага пашкоджання пацвярджаецца заключэннем судмедэкспертызы”.

Пракурор Смольскі просіць прызнаць Лапу вінаватым і прызначыць яму 3 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму і ўзяць пад варту ў зале суда. Таксама спагнаць з яго  працэсуальныя выдаткі ў памеры 164 рублі. Сцяг б-ч-б знішчыць.

Адвакат спасылаецца на словы Аляксандра Лукашэнкі ад 20 жніўня аб тым, што  у судзе павінны быць забеспечаны прынцып прэзумпцыі нявінаватасці. Супрацоўнікі УУС, павінны былі прыняць меры, выявіць відавочцаў і ахову месца здарэння і паведаміць у РАУС. Пазіцыя абвінавачвання не адпавядае рэчаіснасці, крымінальная справа ўзбуджаная незаконна.

Будзе дапоўнена.

Крыніца: Гародня: Пракурор патрабуе для таксіста Аляксея Лапы тры гады пазбаўлення волі