Праваабаронцы "Вясны" і валанцёры 3 сакавіка працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Стала вядома, што затрыманую ўчора падчас масавых затрыманняў палітычную блогерку Вольгу Такарчук дагэтуль утрымліваюць у ізалятары на Акрэсціна. Па папярэдняй інфармацыі, яе абвінавачваюць у абразе суддзі ў сувязі з ажыццяўленнем імі правасуддзя па арт. 391 Крымінальнага кодэкса.

Вольга Такарчук. Скрын з відэа
Вольга Такарчук. Скрын з відэа

Сёння ноччу ў жыхара ЖК «Пирс» Іллі Квачэнкі канфіскавалі аўтамабіль, нібыта за тое, што ён прынцыпова адмовіўся здымаць БЧБ-сцяг з акна, піша "Белсат". Працаўнікі ДАІ адмовілі што-небудзь каментаваць і забаранялі здымаць іх на відэа: «Не здымайце мяне. Я расцаню гэта як умяшанне ў маю службовую дзейнасць, і вы будзеце прыцягнутыя да адказнасці».

Каля 9 раніцы да яго зноў прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Спачатку яны грукалі ў дзверы, а потым у кватэры адключылі святло. Потым у квартал прыехала вышка, і Ілля вырашыў сам зняць сцяг, каб яго не сарвалі. Квачэнку ўручылі позву — 4 сакавіка трэба з'явіцца ў РУУС у Ждановічах, піша onliner.by.

Сёння ў Следчым Камітэце дапытвалі старшыню Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяну Нядбай. Пасля допыту яна выйшла на волю, там у яе ўзялі падпіску аб неразгалошванні. Меркавана, допыт тычыўся "справы Прэс-клуба".

Салігорск

Як паведамляе салігорск.org, салігорскі актывіст Уладзімір Шыла знаходзіцца ў Следчым камітэце болей за 4 гадзіны. Да яго на "гутарку" прыехаў следчы з Мінска.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Палітычны пераслед у Беларусі 3 сакавіка Дапоўнена