Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу 23 красавіка. Як і раней, грамадзянаў затрымліваюць за бел-чырвона-белую сімволіку, на дваравых маршах, адбываюцца вобшукі і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Тэрміны ўтрымання пад вартай палітзняволеных супрацоўнікаў "Прэс-клуба" Юліі і Пятра Слуцкіх, Алы Шарко і Сяргея Альшэўскага працягнутыя яшчэ на да месяцы, паведамляе “Прэс-клуб”.

Яны ўжо чатыры месяцы ў СІЗА — і застануцца там як мінімум да 23 чэрвеня.

Як піша Аляксандра Слуцкая, дачка заснавальніцы Прэс-клуба Юліі Слуцкай:

"Вынікаў падатковай праверкі няма. Нібыта ўрон, які налічылі яшчэ ў самым пачатку, даўно пагашаны сваякамі. Следчых дзеянняў з Юліяй і Пятром Слуцкімі, Алай Шарко і Сяргеем Альшэўскім не вядзецца. Яны проста сядзяць".

Супрацоўнікі
Супрацоўнікі "Прэс-клуба", якія знаходзяцца пад вартай. Ілюстрацыя з тэлеграм-канала "Прэс-клуба"

Яшчэ на два месяцы працягнулі тэрмін утрымання пад вартай і былой супрацоўніцы БТ Ксеніі Луцкіной. Пра гэта піша “Наша Ніва”.

Журналістка будзе ўтрымлівацца пад вартай да 23 чэрвеня.

«Не ведаю, як сказаць пра гэта яе сыну», — хвалюецца за ўнука-пяцікласніка Алег Луцкін.

Спатканняў з Ксеніяй ім не давалі.

Нагадаем, што затрымалі журналістку 22 снежня. Пасля звальнення з дзяржтэлебачання яна збіралася стварыць альтэрнатыўны канал. Ксенію абвінавацілі ва ўхіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса).

Да затрыманага 19 красавіка былога следчага СК Яўгена Юшкевіча дагэтуль не пускаюць адваката, піша TUT.BY.

Дзяўчына Яўгена Валерыя Эйсмант піша, што адвакат не можа патрапіць да свайго падабароннага з моманту яго затрымання. Паводле яе слоў, раней супрацоўнікі ў бюро пропускаў СІЗА КДБ паведамілі, што дазволу ад следчага на візыт адваката да гэтага часу няма.

Па месцы жыхарства Юшкевіча за гэтыя дні двойчы прайшлі ператрусы.

Інфармацыя будзе дапаўняцца

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу за 23 красавіка